Навіны Беларусь і Свет

Апазіцыя заклікае ЕС і ЗША не адмяняць санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў

Апазіцыя заклікае ЕС і ЗША не адмяняць санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў

1916 Праглядаў Мінск
Прадстаўнікі апазіцыйных палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў Беларусі заклікаюць Савет міністраў ЕС і ўрад ЗША не адмяняць візавыя і фінансавыя санкцыі супраць чыноўнікаў, якія бралі непасрэдны ўдзел у рэпрэсіях у дачыненні да палітычных апанентаў ці фальсіфікацыі вынікаў выбараў.

Адпаведны зварот падпісалі старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард, Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч, першы намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, старшыня аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч і кіраўнік аргкамітэта руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі» Уладзімір Някляеў.

Палітыкі адзначаюць, што «кропкавыя візавыя і фінансавыя абмежаванні, уведзеныя Еўрапейскім саюзам, а таксама ЗША ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў і суддзяў, з’явіліся вынікам парушэнняў гэтымі людзьмі Канстытуцыі Беларусі і міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь».

Нягледзячы на некаторыя пазітыўныя тэндэнцыі, якія назіраюцца ў краіне на працягу апошніх шасці месяцаў, сістэмных зменаў, скіраваных на якаснае змяненне сітуацыі ў галіне правоў чалавека, не адбылося, лічаць аўтары дакумента.

Прадстаўнікі апазіцыі прапаноўваюць ЕС і ЗША вярнуцца да разгляду пытання аб санкцыях па выніках парламенцкай выбарчай кампаніі, якая пройдзе ў 2016 годзе.

Яны таксама прапаноўваюць прыняць у фармаце заключэння і абнародаваць план першачарговых чаканых ад беларускіх уладаў мер, накіраваных на прагрэс у галіне правоў чалавека (уключаючы рэгістрацыю палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў, спыненне пераследу журналістаў), а таксама стандартаў АБСЕ пры правядзенні выбарчых кампаній.

Акрамя таго, апазіцыйныя палітыкі лічаць неабходным дамагацца ад уладаў рэабілітацыі і аднаўлення ў правах вызваленых палітвязняў і вызвалення тых, хто па палітычных прычынах знаходзіцца ў турме.

Прадстаўнікі апазіцыі лічаць, што да парламенцкіх выбараў беларускія ўлады павінны выканаць асноўныя рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ. Сярод іх: забеспячэнне прыярытэтнага права палітычным партыям на ўключэнне ў выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў; стварэнне магчымасці для назіральнікаў рэальна назіраць падлік галасоў; рэалізацыя права судовага абскарджання любых рашэнняў выбарчых камісій усіх узроўняў. Улады, на думку апазіцыйных палітыкаў, таксама павінны вызначыць падставы, якія даюць выключнае права на датэрміновае галасаванне і галасаванне па месцы жыхарства.

«Мы, прадстаўнікі палітычных партый і грамадска-палітычных аб’яднанняў Беларусі, лічым, што спалучэнне пастаяннага маніторынгу, палітычнага націску і аб’яднальнага дыялогу, які адкрывае прастору для грамадзянскай супольнасці, неабходна для прагрэсу ў галіне правоў чалавека ў Беларусі», — гаворыцца ў звароце.

Крыніца: nn.by

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны