Навіны Навіны Беларусі

Тадэвушу Касцюшку — 270

Тадэвушу Касцюшку — 270

2524 праглядаў Косава
Радзіму змагара за незалежнасьць Тадэвуша Касьцюшкі у ягоны дзень народзінаў наведалі аматары гісторыі і неабыякавыя беларусы з усіх куткоў краіны, сярод іх быў старшыня Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч і баранавіцкія актывісты Руху.

Ва ўрочашча Марачоўшчына ля Косава ў Івацэвіцкім раёне Берасьцейскай вобласьці прыехалі і дыпляматы ЗША, Польшчы, Украіны, Швайцарыі.

Удзельнікі імпрэзы ўсклалі кветкі да валуна з рэльефам Тадэвуша Касьцюшкі, потым наведалі музэй, дзе адбылася тэатралізаваная пастаноўка пра жыцьцё сям’і Касьцюшкаў.

«Беларусы былі ў СССР самым адукаваным народам і адначасова самым дэнацыяналізаваным і саветызаваным. Незалежнасць мы адрадзілі, але наступствы 200-гадовай русіфікацыі і вынішчання гістарычнай памяці адчуваюцца да сённяшняга дня», — сказаў сайту Pyx.by Аляксандр Мілінкевіч.

Па ягоных словах, «немагчыма адрадзіць нацыянальную самасвядомасць без вяртання ў наш пантэон сапраўдных гістарычных асобаў і нашых герояў».

«Касцюшка сярод іх займае асобае месца: сусветна вядомы сын нашай зямлі, які гаварыў аб сабе — нарадзіўся ліцвінам — адна з самых выдатных постацяў. Ён змагаўся ўсё жыццё за ідэю, якая для нас і сёння выключна важная — за Свабоду», — падкрэсліў Мілінкевіч.

Ён адзначыў, што ў міні-спектаклях ў музеі «на выдатнай белмове ігралі і дзеці і дарослыя, польская з’явілася адзін раз, як зачытвалі ліст (і праўда тады пісьменнай мовай была яна), а беларуская гучала з дабаўкамі някепскай французскай».

«Добра, што змагара за свабоду шануе міжнародная супольнасьць. Але вельмі прыкра, што ў Беларусі ён амаль не шануецца. На радзіме няма ні помніку, ягоным імём не названая нават вуліца, у тым ліку ў Менску», — сказаў сайту Pyx.by старшыня Баранавіцкай арганізацыі Руху «За Свабоду» Уладзімір Гундар.

Затое, дадаў ён, «у Беларусі шануюцца каты беларускага народу: Ленін, Свярдлоў, Войкаў, Дзяржынскі і ўся іхняя бандыцкая хеўра».

«Сённяшні дзень — таму прыклад, з Косава не было ніводнага чалавека, а павінны былі быць тут тысячы людзей... Праўду кажуць, няма прарока ў сваёй Айчыне», — заключыў Уладзімір Гундар.

Фота Уладзіміра Гундара, Радыё «Свабода», Радыё «Рацыя»

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны