Навіны Навіны Беларусі

Суд пачаў разглядаць справу ў абарону Пагоні на футболе

Суд пачаў разглядаць справу ў абарону Пагоні на футболе

1587 Праглядаў Брэст Барысаў
Суд у Барысаве пачаў разглядаць справу аматара футбола, сябра Рады Руху «За Свабоду» Сяргея Бахуна. Ён просіць пакараць міліцыянтаў, якія не далі паглядзець матч праз шалік з Пагоняй.

«У жніўні 2014 года мы паехалі на футбол Лігі Чэмпіёнаў у Барысаве. На мне быў шалік з Пагоняй і надпісам „Беларусь“», — нагадаў пачатак гісторыі сайту Pyx.by Сяргей Бахун.

На 20 хвіліне матча, па ягоных словах, яго вывелі міліцыянты, яшчэ 50 хвілінаў трымалі, потым «прыйшоў начальнік, маёр Паўлавец і сказаў, што на ім «незарэгістраваная сімволіка».

«Я сказаў, што рэгулярна хаджу ў гэтым шаліку на футбольныя матчы ў Брэсце, на што ён сказаў, вось у сябе ў Брэсце і хадзі, а тут нельга, я забараняю», — адзначыў Бахун.

У выніку, патлумачыў сябра Рады Руху, яму давялося схаваць шалік, каб не мець праблемаў. Калі аматар футболу вярнуўся дадому, то падаў скаргу на дзеянні барысаўскіх міліцыянтаў у шэраг дзяржаўных установаў.

«Ва ўсіх скаргах быў адзін адказ: парушэнні не выяўленыя. Я наняў адваката і звярнуўся ў суд», — патлумачыў Бахун, дадаўшы, што ён спецыяльна хацеў прайсці ўсе інстанцыі.

Па ягоных словах, 2 лютага суд пачаў разглядаць справу, прайшло пазачарговае паседжанне, 19 лютага будзе першае асноўнае паседжанне.

«РАУС паведаміў, што цяпер ужо падпалкоўнік Паўлавец знаходзіцца на навучанні, і папрасіў перанесці паседжанне, — патлумачыў сябра Рады Руху. — 2 лютага суд выслухаў бакі, запытаў, якія матэрыялы яшчэ трэба, апытаў пра акалічнасці справы».

Ён падкрэсліў, што зараз ён шукае сведак, якія маглі б распавесці ў судзе, як адбывалася ягонае затрыманне 26 жніўня 2014 года, калі БАТЭ прымаў дома «Слован» з Браціславы.

«Я думаю, што шанец на пазітыўнае завяршэнне справы заўсёды ёсць, галоўнае змагацца і рабіць усё магчымае», — заключыў Сяргей Бахун.

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны