Навіны Навіны Руху

Губарэвіч: задача дэмакратычных кандыдатаў на выбарах — прадэманстраваць альтэрнатыву

Губарэвіч: задача дэмакратычных кандыдатаў на выбарах — прадэманстраваць альтэрнатыву

2370 Праглядаў Мінск
Парламенцкая кампанія-2016 году чакаецца досыць цікавай, бо кіраўніцтва краіны вымушана мяняе курс, змяншаюцца рэпрэсіі, а значыць з’яўляюцца магчымасці для працы з людзьмі, заявіў першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч на сустрэчы з актывам.

Рух «За Свабоду» гатовы падтрымаць на выбарах 36 кандыдатаў, нагадаў Губарэвіч. Аднак, па ягоных словах, зараз ідзе ўдакладненне па кандыдатах, у сувязі з падрыхтоўкай агульнага спісу правацэнтрыстаў.

«Гэтая кампанія чакаецца досыць цікавай, бо, пачынаючы з мінулага года, кіраўніцтва Беларусі памяняла курс. Ужо людзей не кідаюць за краты за пратэст, намагаюцца не даваць «суткі» за несанкцыяваныя акцыі, выпусцілі ўсіх палітвязняў. Пакуль няма ніякіх падставаў, каб лічыць, што гэты курс зменіцца. А значыцца, будзе магчымая нармальная праца з людзьмі», - патлумачыў Губарэвіч.

Пры гэтым, дадаў першы намеснік старшыні Руху, «гэта ўсё адбываецца на фоне моцнага эканамічнага крызісу». «У гэтых умовах нашая задача - паказаць альтэрнатыву», - падкрэсліў Губарэвіч.

Па ягоных словах, «наперадзе падзеі, якія закрануць кожнага беларуса: падвышэнне пенсійнага ўзросту, павялічэнне камунальных плацяжоў».

«Пытанне зняцця эканамічных санкцыяў з Беларусі ўжо вырашанае», - лічыць Губарэвіч. Па ягоных дадзеных, гэта чакаецца ў лютым. Аднак, гэта не тое, што можа задаволіць рэжым: «патрэбныя крэдыты», і не ад Расіі, якая ўжо не з’яўляецца месцам, «дзе даюць халяўныя грошы», у рэжыма ёсць спадзяванні на грошы з Захаду.

«Як гэтыя змены будуць адбывацца, будзе ўжо бачна ў бліжэйшыя месяцы і пад час парламенцкай кампаніі», - кажа Губарэвіч.

Дэмакратычныя кандыдаты могуць праводзіць не толькі «прапаганду альтэрнатыўнай праграмы», але і настроеныя на «атрыманне падтрымкі большасці грамадзянаў».

«У адзіночку такую працу зрабіць немагчыма, - адзначыў Юрась Губарэвіч, прапанаваўшы актыву далучыцца да падтрымкі кандыдатаў. - Каб на розных этапах кампаніі мы выглядалі моцна і пераканаўча».

Па ягоных словах, кандыдаты, якіх падтрымае Рух, будуць выкарыстоўваць напрацоўкі і «Народнай праграмы», і «Народнага рэферэндуму».

Разгарэлася гарачая спрэчка, ці трэба ўдзельнічаць у выбарах

«Нам як найбольш актыўным людзям і ў грамадскай працы, і ў палітыцы нельга сядзець без справы, - лічыць Губарэвіч. - Сярод беларусаў зараз ёсць вялікі пратэстны электарат, які стаміўся ад Лукашэнкі».

Нашая задача, дадаў ён, «калі мы ідзем на гэтыя выбары сказаць, што альтэрнатыва - у праграмах, ідэях, канкрэтных людзях».

«Улада вымушана будзе адкрываць «акно магчымасці для грамадскай дзейнасці», - лічыць старшыня Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч. Па ягоным меркаванні, зараз будзе другая хваля магчымасці стварэння грамадскіх ініцыятываў».

«Варта ці не варта ўдзельнічаць у маразме? Галоўная ацэнка - гэта не тое, абралі ці не абралі. Галоўнае, калі ў выніку выбараў было трохі больш веры ў сябе. Таму галоўны крытэрый, калі пасля выбараў у людзей аптымізму болей, стратаў меней, тады варта ў іх прымаць удзел», - патлумачыў Мілінкевіч.

«Шанец ёсць. І прыйдзе момант, калі пачнуць ва ўладу прапускаць нармальных, адэкватных людзей, як гэта было ў Польшчы. Мы напярэдадні пераменаў. Давайце набярэмся запалу ў вачах», - заключыў Мілінкевіч.

Гуманітарны маршрут "Беларусь-АТО"

Перад актывам выступіў спецыяльна запрошаны на сустрэчу арганізатар валанцёрскай дапамогі беларусаў Украіне «Гуманітарны маршрут "Беларусь-АТО"» Андрэй Стрыжак.

«Гуманітарны маршрут - гэта сімвал дапамогі беларусаў Украіне. Мы паказваем, што пэўная частка грамадства падтрымлівае іх краіну», - распавёў Стрыжак.

Па ягоных словаў, за час існавання кампаніі былі набытыя тры машыны для ўкраінскіх медыкаў, зараз ідзе збор шостай тоны гуманітарнай дапамогі. «Зараз самыя патрэбныя рэчы - зімовыя рэчы, зімовы абутак, дзіцячыя рэчы, канцылярыя для школы, абагравальнікі. Збіраецца ўсё праз абвесткі ў сацсетках», - патлумачыў валанцёр.

За гэты час, па ягоных падліках, да кампаніі далучыліся людзі практычна з усіх куткоў Беларусі - Мінск, Гродна, Гомель, Брэст, Магілёў, Бабруйск, Бяроза, плануе далучыцца Віцебск.

У планах арганізаваць бясплатныя навучальныя курсы, каб даць больш магчымасцяў для бежанцаўю. «Мы ўратавалі жыцці людзей, далі ім першыя неабходныя рэчы. Цяпер можна арганізаваць навучальныя курсы бясплатныя ангельскай мова для дзяцей, курсы кампутарнай граматнасці для дарослых», - патлумачыў Стрыжак.

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Парламенцкія выбары-2016

Апошнія навіны