Навіны Аналітыка

Якія меры ўздзеяння на Лукашэнку распачне Еўрасаюз?

Якія меры ўздзеяння на Лукашэнку распачне Еўрасаюз?

3162 праглядаў Брусэль
21 лютага прадметам абмеркавання кіраўнікоў МЗС краін-членаў Еўрасаюза на сустрэчы ў Брусэлі стане сітуацыя ў Беларусі. Чаму Савет ЕС вяртаецца да «беларускага пытання» і ці варта чакаць новых сур’ёзных рашэнняў Савета ЕС у дачыненні да афіцыйнага Мінска?

Аналітык-міжнароднік Андрэй Фёдараў лічыць, што падставай для звароту да «беларускага пытання» стаў пачатак крымінальных працэсаў над фігурантамі справы аб так званых масавых беспарадках 19 снежня 2010 года, піша «Заўтра тваёй краіны».

— Ужо вынесены дастаткова жорсткі прысуд Васілю Парфянкову. Можна выказаць здагадку, што і іншыя вердыкты будуць не менш суровымі, — адзначае эксперт.

Між тым, прэзідэнт Беларусі 19 лютага зрабіў шэраг рэзкіх выказванняў з нагоды заяў і дзеянняў Еўрасаюза ў апошнія тыдні.

— Пляваць я хацеў на ўсе іх каментары. Гэта злыя і непрыстойныя людзі. З імі нельга ні размаўляць, ні выбудоўваць адносіны, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Па словах Андрэя Фёдарава, беларускі афіцыйны лідэр бачыць, што Еўрасаюз ніякіх сур’ёзных дзеянняў у дачыненні да Беларусі распачаць не можа, як не можа ўвесці сур’ёзныя санкцыі.

— Тыя меры, якія прыняты, выклікаюць раздражненне ў беларускага прэзідэнта, але не з’яўляюцца вырашальнымі, — мяркуе аналітык. — Нічога прынцыпова новага міністры замежных спраў дзяржаў Еўрасаюза прыдумаць не змогуць. Адмовіцца ад гандлю з Беларуссю, на мой погляд, не рэальна, паколькі занадта шмат страцяць некаторыя краіны-члены ЕС, і для іх гэта будзе сур’ёзны ўдар па эканоміцы. Напрыклад, у той самай Літвы некалькі адсоткаў ВУП забяспечваецца за кошт беларускага транзіту.

Як адзначае палітолаг Алесь Лагвінец, беларускія ўлады ў пазітыўным плане ніяк не адрэагавалі на заўвагі Еўрасаюза адносна затрыманняў, крымінальных спраў, наогул адносна ціску на грамадзянскую супольнасць, не было рэакцыі на патрабаванні аб вызваленні палітвязняў.

— Вось чаму ЕС можа вяртацца да гэтага пытання, — лічыць эксперт. — Па сутнасці такая магчымасць была закладзеная ў папярэднім рашэнні Савета Еўрасаюза, і я думаю, што проста так абыходзіць бокам тое, што адбываецца ў Беларусі, Еўрапейскі Саюз сёння проста не зможа, таму варта чакаць чарговых крокаў у дачыненні да беларускіх уладаў.

Алесь Лагвінец прагназуе, што агучаная ў панядзелак пазіцыя Савета ЕС будзе жорсткай і цвёрдай.

— Калі мы паглядзім на два дакументы — рашэнне Савета Еўразвяза і рэзалюцыю Еўрапарламента, прынятую за два тыдні да рашэння Савета, то рэзалюцыя носіць нашмат больш жорсткі характар. Я думаю, што некаторыя з крокаў, прапанаваных у рэзалюцыі, калі на тое будзе палітычная воля, могуць з’явіцца ў новым рашэнні Савета Еўрапейскага Саюза, — мяркуе эксперт.

Раней еўрадэпутат ад Польшчы Яцэк Пратасевіч заяўляў, што калі арыштаваныя ў Беларусі апазіцыянеры будуць асуджаныя, Еўрапейскі саюз можа прымяніць наступныя эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да Мінску: адмова ад прадастаўлення крэдытаў, прыпыненне гандлёвых сувязяў, уключаючы энергетычны і ваенны сектары.

— Гэта тры сферы, якія не ўдараюць па кішэні простага абывацеля, але з’яўляюцца важнай крыніцай даходаў беларускага ўрада, — заявіў ён.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны