Навіны Навіны Руху

Губарэвіч: Рух падтрымае праеўрапейскіх кандыдатаў на парламенцкіх выбарах

Губарэвіч: Рух падтрымае праеўрапейскіх кандыдатаў на парламенцкіх выбарах

4262 праглядаў Мінск
Рух «За Свабоду» падтрымае кандыдатаў на парламенцкіх выбарах і заклікае сябраў і прыхільнікаў да актыўнага ўдзелу ў кампаніі, заявіў першы намеснік старшыні арганізацыі Юрась Губарэвіч.

«На парламенцкіх выбарах Рух „За Свабоду“ будзе займацца не толькі назіраннем, але і падтрымае кандыдатаў, якія б прасоўвалі еўрапейскія каштоўнасці і адстойвалі незалежнасць Беларусі, і правядзе для іх падтрымцы інфармацыйную кампанію», — заявіў Губарэвіч на сустрэчы з актывістамі і прыхільнікамі Руху «За Свабоду».

У прыватнасці, ён прапанаваў актыву ўвайсці ў каманды кандыдатаў, а таксама ўдзельнічаць у назіранні. «Мінімальнае, што мы можам зрабіць, гэта правесці добрую інфармацыйную кампанію», — падкрэсліў Губарэвіч, дадаўшы, што на выбарах «За Свабоду» прапануе кандыдатам у дэпутаты напрацоўкі «Народнай праграмы».

Па меркаванні першага намесніка старшыні Руху «За Свабоду», задача максімум — «скарыстацца сітуацыяй», калі рэжым знаходзіцца ў даволі складаным становішчы і вымушаны рэагаваць на патрабаванні Еўропы, таму кампанія можа прайсці ў больш спрыяльных умовах.

«Гэта тое, на што трэба абапірацца, каб пашыраць падтрымку людзей», — заключыў Губарэвіч.

«Чым больш мы будзем выкарыстоўваць магчымасць, каб дагрукацца да людзей, тым больш будзе ў нас магчымасцяў на іх уплываць», — пракаментаваў неабходнасць далучацца да парламенцкай кампаніі намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец.

У галовах беларусаў павінна быць больш Еўропы і Беларусі, а Беларусь павінна быць і ў сэрцы, адзначыў старшыня Руху Аляксандр Мілінкевіч.

«Сёння мы не гатовыя да Еўропы, а Еўропа не гатовая да нас, — адзначыў Мілінкевіч. — Аднак, Расія — не паказчык для нас як кірунак развіцця. Каб умацоўваць незалежнасць, нам трэба рухацца да еўрапейскіх стандартаў».

Па ягоных словах, «вялізарнае значэнне ў барацьбе за нашую Беларусь адыграла Нобелеўская прэмія Святланы Алексіевіч». «Тыя, хто кажа: „А давайце аддадзім туды“, яны былі вымушаныя замаўчаць», — падкрэсліў Мілінкевіч.

Такія сустрэчы праводзяцца Рухам рэгулярна, колькасць удзельнікаў вырасла пасля апошняй прэзідэнцкай кампаніі за кошт удзельнікаў назірання.

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Народная праграма

Апошнія навіны