Навіны Беларусь і Свет

Губарэвіч: Мора дэманстравала беларускім уладам пернік у адносінах з ЕС

Губарэвіч: Мора дэманстравала беларускім уладам пернік у адносінах з ЕС

1563 праглядаў Мінск Брусэль
Днямі А.Лукашэнка выказаў шмат кампліментаў на адрас кіраўніцы прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Майры Мора, якая скончыла місію ў нашай краіне. Пры гэтым прадстаўнікі беларускай апазіцыі апошнім часам, мякка кажучы, былі незадаволены паводзінамі гэтага амбасадара.

«Беларусы, вы мірныя людзі, рабіце ўсё, падтрымлівайце вашага прэзідэнта, каб у суседняй вашай краіне не было больш вайны», — заявіла Мора ў эфіры АНТ падчас публіцыстычнай праграмы, прысвечанай вайне ва Украіне.

«Народная Воля» пацікавілася, што думаюць некаторыя эксперты і палітыкі пра дзейнасць Майры Мора? Ці сапраўды яна так шмат карыснага зрабіла для Беларусі?

Алесь ЛАГВІНЕЦ, палітолаг, намеснік старшыні руху «За Свабоду»:

— Што тычыцца асобы былога амбасадара Еўрасаюза ў Беларусі Майры Мора, то яна сапраўды дапускала некаторыя ляпы. Як правіла, дыпламаты стараюцца пазбягаць вялікай публічнасці, і калі яна рабіла некаторыя свае выказванні, то цалкам выглядала, што грае на чыімсьці баку. Амбасадар не павінен гэтага рабіць.

Чаго чакаць ад новага кіраўніка прадстаўніцтва Еўрасаюза? Амбасадар няшмат
што вырашае. Ён можа быць больш ці менш актыўным, больш ці менш часта з’яўляцца на тэлебачанні, але ёсць працэсы, якія ідуць незваротна. Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, і адносіны з Еўрасаюзам для нас жыццёва важныя. Таму працаваць трэба на карысць беларускага народа.

Юрась ГУБАРЭВІЧ, першы намеснік старшыні руху «За Свабоду»:

— Розныя, канешне, ацэнкі гучалі наконт дзейнасці Майры Мора. Трэба заўважыць, што любая заходняя краіна альбо Еўрасаюз як сукупнасць краін зацікаўлены ў паляпшэнні адносін з Беларуссю. Майра Мора ў гэтым сэнсе не выключэнне. І для любога дыпламата дасягненне міру, а не вайны — гэта прафесійны поспех. У дадзенай сітуацыі мы бачым, што Еўрапейскі Саюз не толькі займаў жорсткую пазіцыю адносна ацэнкі таго, што адбывалася ў Беларусі (я маю на ўвазе сітуацыю з палітвязнямі, пагаршэнне ўмоў для дзейнасці дэмакратычных структур і сітуацыю з правамі чалавека), але і спрабаваў працягваць руку дапамогі на шляху па выхадзе з гэтай складанай сітуацыі. Еўрасаюз не будаваў сцены, а вуснамі той жа Майры Мора і пры дапамозе розных праектаў падтрымкі казаў, што ёсць магчымасць усё выправіць.

Мяркуючы па ацэнках Лукашэнкам дзейнасці той жа Майры Мора, ён будзе і далей актыўна гуляць на гэтым полі і пры дапамозе розных рычагоў уплываць на пазіцыю дыпламатаў замежных краін. За часы яго кіравання мы неаднаразова чулі пра скандалы з удзелам дыпламатаў, якія займалі прынцыповую і жорсткую пазіцыю па беларускім пытанні, даходзіла нават і да сексуальных скандалаў альбо абвінавачванняў у непрыстойных паводзінах. У сітуацыі з Майрай Мора быў абраны шлях дэманстрацыі перніка...

Раман ЯКАЎЛЕЎСКІ, палітычны аглядальнік:

— Пасол любой краіны праводзіць тую палітыку, якая вызначаецца яго кіраўніцтвам. У дадзеным выпадку кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза выконвала тыя заданні, якія ёй даваліся ў Бруселі. А ў Еўрасаюза, як вядома, да гэтага часу няма адзінай знешняй палітыкі.

У сваёй працы Майра Мора шмат у чым абапіралася не толькі на ўладныя структуры, што натуральна для афіцыйна акрэдытаванага амбасадара. З кожным годам яе працы ў Мінску ўзмацняўся ўплыў на яе тых экспертаў і іншых, каго ў празаходніх поглядах цяжка западозрыць. Шмат у чым дзякуючы такім апалагетам кіруючага рэжыму і «малявала» Майра Мора свае справаздачы ў Брусель, якія адлюстроўвалі няпоўную, а часам нават ілжывую карціну беларускіх рэальнасцяў. Вось у такой версіі пасла Еўрасаюза і працякала нармалізацыя адносін Мінска з Бруселем, калі тут усё заставалася па-ранейшаму, а там з’яўляліся добраахвотныя ілюзіі перамен...

Ігар МАСЛОЎСКІ, першы намеснік старшыні БСДП:

— Лукашэнка зараз больш прагматычна глядзіць ў бок Еўрапейскага Саюза, бо трэба наладжваць каналы гандлю, а без палітычнай падтрымкі гэта зрабіць немагчыма ці вельмі цяжка. Таму размова на развітанне з Майрай Мора — гэта яшчэ і стаўка на будучыню.

Сам я асабіста не быў знаёмы са спадарыняй амбасадарам, нягледзячы на тое, што яна адпрацавала тут шмат гадоў. На жаль, мы рэдка атрымлівалі запрашэнні на сустрэчы. Магу нават выказаць пэўную крытыку і пажаданне: на маю думку, афіцыйныя прадстаўнікі Еўрасаюза павінны рэгулярна сустракацца не толькі з прадстаўнікамі дзяржаўнай улады, але і з прадстаўнікамі грамадскасці і партый, каб з першых вуснаў даведвацца пра іх пазіцыю і рэакцыю на тыя ці іншыя падзеі. І трэба, каб такія амбасадары як мага часцей гэта рабілі, уключаючы рэгіянальных палітыкаў, а не абмяжоўваліся толькі сталіцай.

Марына КОКТЫШ, Народная воля

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны