Навіны Навіны Беларусі

Міліцыя шукае актыўных назіральнікаў Руху «За Свабоду»

Міліцыя шукае актыўных назіральнікаў Руху «За Свабоду»

2442 праглядаў Мінск Маладзечна Слуцк Барысаў
Траіх актывістаў, якія назіралі ад Руху «За Свабоду» ў Мінскай вобласці і адзначыліся вялікай колькасцю скаргаў, расшуквае міліцыя. Гэта можа быць формай уціску, лічаць у арганізацыі і самі назіральнікі.

«Я ведаю пра тры выпадкі, — распавёў сайту Pyx.by сябра Рады Руху „За Свабоду“ Віталь Амяльковіч. — У Слуцку, Маладэчна і Барысаве. Усе тры назіральнікі даволі актыўна сабе паводзілі, пісалі скаргі і не адну-дзве, а на кожнае парушэнне».

Па ягоных словах, у Слуцку ўчастковы шукаў назіральніка з 56 участка. «Сёння яны паразмаўлялі. Скаргі, якія ён накіраваў у пракуратуру, перадалі ў міліцыю, а міліцыя перадала ўчастковаму», — патлумачыў Амяльковіч.

Прынамсі, участковы апытваў па скарзе наконт звестак пра выкарыстанне падробленых подпісаў пад час вылучэння чальцоў камісіі. Па выніках размовы быў складзены пратакол апытання.

«Да барысаўскай дзяўчыны па месцы рэгістрацыі прыходзіла міліцыя, — адзначыў сябра Рады Руху. — Яна там не жыве, але маці перадала, што яе шукаюць. Дзяўчына перапужаная званіла мне, перапытвала, у чым можа быць справа. У пракуратуру яна скаргаў не пісала».

Яшчэ аднаго назіральніка ад Руху «За Свабоду» Валянціна Цішко з Маладзечна выклікалі ў міліцыю на сёння ў 19.30. «Я падаваў у пракуратуру 4 скаргі, у міліцыю перадалі дзве, — распавёў ён сайту Pyx.by.

Па ягоных словах, скаргі тычыліся таго, што выбаршчыкі распавядалі пра прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, а камісія на гэта не рэагавала, і таго, што кожны дзень старшыня камісіі парушаў выбарчае заканадаўства і даваў лічбы не за адзін дзень, а за ўсе.

Па выніках візіту склалі пратакол апытання і сказалі, што пра выніках праверкі будзе паведамлена мне на пошту, дадаў назіральнік ад Руху «За Свабоду».

«Я лічу, што такія вылікі ў міліцыю — гэта спроба папалохаць, папужаць актыўных назіральнікаў, маленькая спроба не фізічнага, а маральнага ўціску, — кажа Цішко. — Бо такія скаргі — не ў кампетэнцыі міліцыі. Плюс перадалі не ўсе заявы». Актывіст дадаў, што, наколькі ён ведае, з маладзечанскіх незалежных назіральнікаў пакуль выклікалі толькі яго.

Як ціск на назіральнікаў разглядае выклікі ў міліцыю і Віталь Амяльковіч, прынамсі ў выпадках у Маладзечна і Барысаве.

«Барысаў праславіўся тым, што на гэтых выбарах там звольнілі з працы назіральніцу. У Маладзечна ўсё таксама было не ўсё так проста: былі гісторыі, калі прадзяржаўныя назіральнікі правакавалі незалежных, гэта было не адзін раз», — падкрэсліў сябра Рады Руху «За Свабоду».

Магчыма, таксама, што гэта нейкая форма помсты праз вялікую колькасць скаргаў ад гэтых назіральнікаў, заключыў Амяльковіч.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Права выбару

Апошнія навіны