Навіны Аналітыка

Эксперт: За лібералізацыяй можа стаяць жаданне падзяліць дзяржуласнасць

Эксперт: За лібералізацыяй можа стаяць жаданне падзяліць дзяржуласнасць

2656 Праглядаў
Дырэктар Аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка ў інтэрв’ю Deutsche Welle выказаў меркаванне, што за працэсам лібералізацыі, пачатым беларускімі ўладамі, можа стаяць жаданне чыноўнікаў падзяліць дзяржуласнасць на сваю карысць.

Пры гэтым Заіка лічыць, што ў цяперашніх эканамічных умовах дзяржава будзе вымушаная пайсці на супрацоўніцтва з прыватным бізнэсам.

— Якое значэнне надае цяпер улада малому і сярэдняму бізнэсу?

— Складваецца дзіўная сітуацыя. Апошнія 15 гадоў нічога не рабілася. І раптам з 2010 года пайшоў працэс прызнання сацыяльнай і эканамічнай каштоўнасці малога і сярэдняга бізнэсу, і пачалася так званая лібералізацыя. Не зразумела, ці то гэта жаданне ўладаў як-небудзь вызваліць рынкавыя сілы, ці то гэта нешта сур’ёзнае. У мяне стварылася ўражанне, што рыхтуецца прыватызацыя і чыноўнікі проста хацелі б расчысціць пляцоўку, падзяліць ўласнасць і потым не быць абцяжараным адміністрацыйнымі бар’ерамі.

— Цяпер дзелавая супольнасць распрацоўвае новую Нацыянальную платформу бізнэсу. Чаго больш за ўсё імкнуцца дамагчыся прадпрымальнікі?

— У бізнэсе пачаў праходзіць працэс самаідэнтыфікацыі. Прадпрымальнікі ў нас дрэнна разумеюць сваё месца ў жыцці. Яны гатовыя быць падначаленымі эканомікі, не грамадзянамі. Гэта значыць першая задача — гэта ідэнтыфікацыя.

Другая задача — гэта артыкуляцыя інтарэсаў. Бізнэс навучыўся лабіраваць. Для сярэдняга беларускага бізнэсоўца важна знайсці апекуна ў пракуратуры, у міліцыі, а лепш — і там, і там. Тады ён думае, што бізнэс пойдзе поўным ходам. Але гэта не канкурэнтны бізнес. Таму зараз важна распрацаваць стратэгію, каб інтарэсы бізнэсу артыкуляваліся і даходзілі да грамадзянскай супольнасці і ўрада.

У Беларусі цяпер навідавоку перакос: шмат ўрада і мала грамадзянскай супольнасці. Таму, на мой погляд, на першым месцы сярод інтарэсаў бізнэсу — фармуляванне сваёй пазіцыі, пошук годнага месца ў грамадстве. Бо бізнэсмены — гэта не жулікі, а людзі, якія клапоцяцца пра карысць краіне.

А калі паглядзець на нейкія канкрэтныя інтарэсы, тут можна пачынаць з бухгалтарскага ўліку і сканчаць падаткаабкладаннем. Ёсць шмат пытанняў па арэндзе. Бізнэс пакуль саромеецца ставіць пытанні нацыянальнай прыватызацыі на сваю карысць. Яшчэ адзін з сур’ёзных момантаў — гэта прыватнае і дзяржаўнае партнёрства. Мяркуецца, што бізнэс можа на сённяшні дзень мець 15 працэнтаў ад заказаў бюджэту.

Сэнс у тым, каб бізнэс здолеў укараніцца ў сістэму працы буйных прадпрыемстваў. Гэтая мэта ў многіх краінах ужо была дасягнутая. У многіх нашых бізнэсменаў з’явілася жаданне стварыць свае ўласныя падпраграмы ў асобных галінах, напрыклад, у будаўніцтве, у сферы паслуг. Увогуле, цяпер закіпела праца.

— Наколькі верагодна, што дзяржпрадпрыемствы пойдуць на супрацоўніцтва з прыватным бізнэсам?

— Цяпер дзяржпрадпрыемствы павінны прайсці суровую, гвардзейскую рубку. Іх будуць дзяліць расейцы, крымінал і нашы чыноўнікі. Таму ім малы бізнэс цяпер пастолькі-паколькі. Ну, а наколькі гэтыя прадпрыемствы потым будуць супрацоўнічаць з малым бізнэсам, залежыць ад сітуацыі.

Наогул, я лічу, што прыватызацыю трэба дазваляць толькі ў тых раёнах Беларусі, дзе доля прыватнай уласнасці ў аб’ёмах вытворчасці звыш 50 адсоткаў. Калі чыноўнікі клапоцяцца аб развіцці прыватнага бізнэсу ў сваім раёне, стварылі новыя малыя прадпрыемствы, новыя працоўныя месцы, то хай прыватызуюць.
У цэлым чыноўнікі, якім зараз па 40-50 гадоў, не маюць ніякага дачынення да дзяржуласнасці. Уласнікамі гэтых прадпрыемстваў, па сутнасці справы, з’яўляюцца пенсіянеры, тыя, хто ў 70-80-х гадах атрымліваў мізэрную зарплату і на чые даходы будаваліся гэтыя прадпрыемствы.

— І ўсё ж дзе гарантыя, што ўлады прыслухаюцца да цяперашніх прапановаў прадпрымальнікаў?

— Наогул ўлада глядзіць на сябе ў люстэрка і самой сабе падабаецца. Таму я на супрацоўніцтва улады і бізнэсу не спадзяюся. Чыноўнікаў можна толькі прымусіць да супрацоўніцтва. З дзяржаўнай эканомікай яны ўжо трапілі ў тупік. Наабяцаў народу, паспрабавалі кіраваць, селі ў лужыну, зараз вырашылі прадаваць прадпрыемствы, таму што самі кіраваць не ўмеюць.

Таму улада пачала наўпрост перапісваць палажэнні, што прапануюцца бізнэсменамі ў Нацыянальнай платформе бізнэсу. Адзін з прыкладаў — дырэктыва № 4. Гэта як спяваць з чужога голасу. Гэта называецца не спяваць, а сапець.

На сённяшні дзень у інтэлектуальным плане бізнэс абагнаў наш урад. Ён змог зрабіць нешта большае ў канцэптуальным плане. Урад павінен адчуць, што драйв, які падштурхнуў бы да пераменаў, ёсць у маладых бізнэсменаў, гэта ў іх рукі трэба аддаваць частку эканомікі. Але ўлада не хоча, таму пачнецца сур’ёзная барацьба.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны