Навіны Навіны Беларусі

Юрась Губарэвіч. ПАЗІЦЫЯ. Супраць расійскіх ваенных базаў — большасць беларусаў

Юрась Губарэвіч. ПАЗІЦЫЯ. Супраць расійскіх ваенных базаў — большасць беларусаў

1353 праглядаў Мінск
«Дамова аб размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі расійскай ваеннай базы можа быць падпісаная ў бліжэйшым часе. Гэта згубны крок, які можа прывесці да страты незалежнасці Беларусі. Гэта здрада нашым нацыянальным інтарэсам, здрада народу і краіне».

Мой подпіс стаіць пад гэтай заявай дэмакратычных сілаў да грамадзян Беларусі. Мэта — «не дапусціць уцягвання нашай краіны ў ваеннае супрацьстаянне, мы павінны прадэманстраваць нашу нацыянальную кансалідацыю і беларускі патрыятызм», піша першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч у блогу на Naviny.by.

4 кастрычніка 17-й гадзіне на плошчы Свабоды ў Мінску мае адбыцца сход супраць размяшчэння на нашай зямлі новай расійскай ваеннай базы.

Чаму я прыйду на гэтую акцыю?

Найперш: размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі іншаземнай ваеннай базы супярэчыць 18-му артыкулу Канстытуцыі Беларусі, паводле якога Беларусь імкнецца да нейтралітэту. Натуральна, паводле літары закону з Беларусі павінны быць выведзеныя і існуючыя ваенныя базы ўсходняй краіны-суседкі.

«Ці згодныя вы, што дзеля забеспячэння нейтральнага статусу Беларусі ў краіне павінна быць забаронена размяшчэнне замежных вайсковых аб’ектаў, ядзернай зброі, а беларускія вайскоўцы не мусяць несці службу за мяжой?» Гэтак сфармулявана злабадзённае чацвертае пытанне з парадку дня «Народнага рэферэндуму».

У падтрымку яго правядзення падпісалася ўжо 120 тысяч чалавек. Яны як мінімум сумняюцца ў мэтазгоднасці таго, каб у нас стаялі чужыя ваенныя базы.

Па-першае, гэта ператварае Беларусь у мішэнь у выпадку мілітарных канфліктаў. Па-другое, чужынскія войскі могуць быць скарыстаныя супраць існавання незалежнай Беларусі. Тым болей калі свае базы на нашай зямлі мае краіна-агрэсар, якая вядзе ваенныя дзеянні ад Украіны да Сірыі.

Сацыялагічныя апытанні паказваюць, што за мірную Беларусь выступаюць мільёны беларусаў. Паводле чэрвеньскага даследавання НІСЭПД, толькі 22,4% грамадзян Беларусі станоўча паставіліся да намераў Масквы размясціць у нас сваю авіябазу.

Таму ўдзельнікі сходу 4 кастрычніка — гэта не прадстаўнікі асобных дэмакратычных партый і арганізацый, а выразнікі прынцыповай пазіцыі большасці беларусаў.

Ну і як называць уладу, якая праігнаруе гэтую волю народа?

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны