Навіны Навіны Беларусі

Першы прысуд па справе «19 снежня»

Першы прысуд па справе «19 снежня»

2978 Праглядаў
Васіль Парфянкоў прысуджаны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Такое рашэнне прыняў 17 лютага суд Фрунзенскага раёна Мінска. Акрамя таго, ён павінен выплаціць больш за 14 млн. рублёў за пабітыя дзверы ў Доме ўрада падчас несанкцыянаванай акцыі апазіцыі 19 снежня 2010 года.

Парфянкоў прызнаны вінаватым у злачынстве, прадугледжаным часткай 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках).

Нагадаем, пракурор прапаноўваў суду прысудзіць актывіста да шасці гадоў калоніі строгага рэжыму.

Суд над 27-гадовым Парфянковым стаў першым па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года. Усяго ў аналагічным злачынстве абвінавачваюцца 42 чалавекі.

Парфянкоў прызнаў сваю віну часткова, паведамляе БелаПАН. У судзе ён заявіў, што ўдзельнічаў у мітынгу на плошчы Незалежнасці ў Мінску 19 снежня, аднак пры гэтым не біў шкла.

Паводле слоў падсуднага, ён прыйшоў на плошчу, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю, а каля Дома ўрада апынуўся ў момант, калі там білі шкло, «пад эмацыянальным уздзеянне натоўпу». Як растлумачыў Парфянкоў, ён падышоў да будынка, каб паглядзець, што адбываецца, а калі натоўп людзей прыціснуў яго да дзвярэй Дома ўрада, не адразу змог адтуль сысці. Паводле слоў падсуднага, яму гэта ўдалося толькі пасля таго, як экс-кандыдаты ў прэзідэнты Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саннікаў і Мікалай Статкевіч заклікалі спыніць супрацьпраўныя дзеянні, і людзі сталі адыходзіць ад будынка.

Словы падсуднага пацвердзіў сведка.

Падчас прэзідэнцкіх выбараў-2010 Васіль Парфянкоў быў актывістам выбарчага штаба кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Ён быў затрыманы 4 студзеня ў якасці падазронага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках і змешчаны ў следчы ізалятар ГУУС Мінгарвыканкама.

Імя Парфянкова згадвалася ў публікацыі газеты Адміністрацыі прэзідэнта «Советская Белоруссия» «За кулісам адной змовы». Выданне пісала, што Парфянкоў з 2001 па 2005 гады з’яўляўся членам арганізацый «Зубр» і «Малады фронт». З кастрычніка 2004 па студзень 2005 гадоў браў удзел у перадвыбарнай кампаніі кандыдата ў прэзідэнты Украіны Віктара Юшчанкі, нібыта ўдзельнічаў у захопе штаба Віктара Януковіча сумесна з членамі УНА-УНСО, з якімі падтрымлівае таварыскія адносіны. «Непасрэдна браў удзел у пагромах, ажыццяўляў штурм адміністрацыйнага будынка — Дома ўрада, разбіваў шкло, дзверы, наносіў удары супрацоўнікам праваахоўных органаў з выкарыстаннем бытавых прадметаў, заклікаў натоўп да актыўных дзеянняў», — сцвярджала «СБ».

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны