Навіны Навіны Беларусі

Вярхоўны суд не задаволіў скаргу актывістаў

Вярхоўны суд не задаволіў скаргу актывістаў

2436 Праглядаў Мінск Брэст
Скаргу пакінуць без задавальнення, азначэнне Брэсцкага абласнога суда без змянення, пастанавіў сёння Вярхоўны суд. Такое рашэнне было прынятае ў выніку разгляду скаргі актывістаў з Брэста на рашэнне аблсуда па калявыбарнай справе.

Нагадаем, 10 грамадзян вылучылі ў склад выбаркаму сябра Руху «За Свабоду» Сяргея Вакуленку, але яго туды не ўключылі. Дзевяць з іх звярнуліся са скаргай на гэтае рашэнне ў Брэсцкі абласны суд, але ён адмовіўся заводзіць справу, матывуючы гэта тым, што скарга не падпісана ўсімі грамадзянамі, што вылучалі Вакуленку. Гэта стала падставай для звароту ў Вярхоўны суд трох грамадзянаў, сярод якіх сябра Рады Руху Дзяніс Турчаняк.

Сёння калегія Вярхоўнага суда пад старшынствам суддзі Валянціны Кулік разглядзела скаргу. Пракурор звярнуўся з хадайніцтвам пакінуць азначэнне Брэсцкага абласнога суда без зменаў, а скаргу без задавальнення. Пасля гэтага суддзі накіраваліся ў пакой для нарадаў. Пасля вяртання суддзя Кулік абвясціла, што рашэнне Брэсцкага абласнога суда адпавядае заканадаўству, і суд пастанавіў «азначэнне суда пакінуць без зменаў, прыватную скаргу без задавальнення».

Пры гэтым у судзе не прагучала абгрунтаванне пазіцыі заяўнікаў.

«Беларуская судовая сістэма ў чарговы раз адмовіла грамадзянам Беларусі ў праве на правасуддзе. Выбарчы кодэкс не дае адназначнай трактоўкі, колькі людзей могуць абскарджваць рашэнні органаў улады па неўключэнні сваіх прадстаўнікоў у склады выбаркамаў», — пракаментаваў для сайту Pyx.by рашэнне Вярхоўнага суда першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

Па ягоных словах, «кожны грамадзянін, які лічыць, што рашэнне парушыла яго правы, мусіць мець персанальнае права абскардзіць гэтае рашэнне ў судзе». «Гэта натуральная норма, якая замацаваная ў заканадаўстваў дэмакратычных краінаў і нават у Беларусі ў тых выпадках, калі яна не тычыцца палітычных правоў», — падкрэсліў Губарэвіч.

«Адмаўляючы ў разглядзе справы, суд спрашчае сваё існаванне, бо калі б не высоўваліся жорсткія ўмовы пра 100% заяўнікаў пры падачы скаргаў на нематываныя адмовы аб уключэнні прадстаўнікоў у склад выбаркамаў, то такіх скаргаў было б у дзясяткі разоў болей», — заключыў першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду».

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны