Навіны Беларусь і Свет

Заява Вышаградскай групы па Беларусі

Заява Вышаградскай групы па Беларусі

3303 праглядаў Браціслава
Прэм`ер-міністры дзяржаў — членаў Вышаградскай групы, а таксама Аўстрыі і Германіі асудзілі парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.

Прэм`ер-міністры дзяржаў — членаў Вышаградскай групы, а таксама Аўстрыі і Германіі асудзілі парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.

На юбілейным саміце гэтага міждзяржаўнага аб`яднання 15 лютага ў Браціславе (Славакія) прынята адозва да беларускіх уладаў, у якой утрымліваецца заклік вызваліць палітзняволеных, спыніць пераслед незалежных сродкаў масавай інфармацыі і апазіцыі, стварыць умовы для правядзення дэмакратычных выбараў. Пад адозвай паставілі свае подпісы кіраўнікі ўрадаў чатырох краін, што ўваходзяць у Вышаградскую групу, — Венгрыі, Польшчы, Чэхіі і Славакіі, а таксама Аўстрыі і Германіі, падае БелаПАН.

«Мы сапраўды абураемся тым, як парушаюцца правы чалавека ў Беларусі. Мы звяртаемся да ўрада з просьбай вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі, — зазначыла пасля падпісання адозвы прэм`ер-міністр Славакіі Івета Радзічава. — Неабходна таксама, каб былі прыняты тыя дэмакратычныя законы, якія абараняюць дэмакратыю і прынцыпы прававой дзяржавы».

Канцлер ФРГ Ангела Меркель з ухвалой адазвалася аб дзейнасці гэтай групы, назваўшы яе «ідэальным прыкладам пераходу ад дыктатуры да стабільнай дэмакратыі».

Запрошаны на саміт з нагоды 20-годдзя Вышаградскай групы прэм`ер Украіны Мікалай Азараў не падпісаў адозву да беларускіх уладаў, спаслаўшыся на працэдурныя пытанні. Маўляў, афіцыйны Кіеў позна атрымаў тэкст дакумента, і Азараў не паспеў з ім азнаёміцца.

«Ну, скажам так, што такія дакументы адпрацоўваюцца не за пяць хвілін, — зазначыў украінскі прэм`ер. — Украіна атрымала тэкст гэтага пагаднення сёння раніцай. Такія дакументы праходзяць пэўную працэдуру разгляду. Таму будзем казаць, што ў гэтай сітуацыі чыста працэдурныя моманты адыгралі сваю ролю».

Разам з тым ён палічыў патрэбным зрабіць рэверанс у бок еўрапейскіх дэмакратычных каштоўнасцяў: «Тое, што адбываецца ў Беларусі, не можа нас не турбаваць. І вось гэту заклапочанасць, і ўлічваючы ацэнкі, якія зараз выказваюцца еўрапейскімі краінамі, у нас ёсць магчымасць данесці да кіраўніцтва Беларусі іншымі метадамі і сродкамі, што мы, дарэчы, і робім».

Нагадаем, раней спікер украінскай Вярхоўнай рады Уладзімір Літвін прапанаваў Еўрапарламенту пасрэдніцтва ў адносінах з Беларуссю, выказаўшы меркаванне, што ізаляцыя Беларусі не дасць вынікаў.

Адозву прэм`ераў краін Вышаградскай групы, Аўстрыі і Германіі пракаментаваў прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.

«Мы бачым у гэтай заяве не больш як паўтор асобнымі краінамі — членамі Еўрапейскага саюза нядаўніх заключэнняў Савета ЕС. Наша пазіцыя па гэтым пытанні, выкладзеная ў парадку рэакцыі на заключэнні ЕС, вядомая», — заявіў Савіных.

«У першую чаргу мы хацелі б яшчэ раз падкрэсліць, што такія заявы супярэчаць духу партнёрства і добрасуседства, які традыцыйна характарызуе адносіны паміж нашай краінай і дзяржавамі Вышаградскай групы», — зазначыў прэс-сакратар.

Вышаградская група — аб`яднанне чатырох цэнтральнаеўрапейскіх дзяржаў: Польшчы, Чэхіі, Славакіі і Венгрыі. Была створана 15 лютага 1991 года ў венгерскім Вішаградзе ў выніку сустрэчы прэзідэнтаў і прэм`ер-міністра трох постсацыялістычных краін — Леха Валенсы (Польшча), Вацлава Гавала (Чэхаславакія) і Ёжафа Антала (Венгрыя), якія падпісалі сумесную дэкларацыю аб імкненні да інтэграцыі ў еўрапейскія структуры. 1 мая 2004 года дзяржавы — члены Вышаградскай групы былі прыняты ў Еўрапейскі саюз.

Нагадаем, лідэр Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч запрошаны на сустрэчу міністраў замежных спраў краін Вышаградскай чацвёркі (Польшча, Чэхія, Славаччына і Венгрыя) і «Усходняга партнёрства». Яна адбудзецца 3 сакавіка ў Браціславе і пройдзе паралельна са штогадовай канферэнцыяй па бяспецы Globsec, прызначанай на 2–4 сакавіка.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны