Навіны Навіны Беларусі

Восем чалавек могуць збіраць подпісы за статус кандыдата ў прэзідэнты

Восем чалавек могуць збіраць подпісы за статус кандыдата ў прэзідэнты

2612 Праглядаў
На сённяшнім пасяджэнні Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатамі ў прэзідэнты Беларусі пяці прэтэндэнтаў — Анатоля Лябедзькі, Таццяны Караткевіч, Віктара Цярэшчанкі, Жанны Раманоўскай і Мікалая Улаховіча.

Анатоль Лябедзька — старшыня Аб`яднанай грамадзянскай партыі. У яго ініцыятыўнай групе каля тысячы чалавек.

Таццяна Караткевіч — актывістка кампаніі «Гавары праўду». У яе ініцыятыўнай групе 1.993 чалавекі.

Віктар Цярэшчанка — эканаміст, экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года. Яго ініцыятыўная група налічвае 946 чалавек.

Жанна Раманоўская — выкладчык з Брэста, часова не працуе. У яе групе 109 чалавек.

Мікалай Улаховіч — старшыня Беларускай патрыятычнай партыі, вярхоўны атаман РГА «Беларускае казацтва». Яго ініцыятыўная група налічвае 1.426 чалавек.

Ініцыятыўныя групы яшчэ трох прэтэндэнтаў — кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча і старшыні Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргея Калякіна — былі зарэгістраваныя ЦВК 17 ліпеня.

Такім чынам, рэгістрацыю ў ЦВК прайшлі ініцыятыўныя групы васьмі прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта з 15, што падалі дакументы на рэгістрацыю.

Адмоўлена ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп Тамары Біруковай, Аляксандра Юдаева, Андрэя Канаўца, Ірыны Першынай, Сяргея Заблоцкага, Віктара Талмачова і Мікалая Статкевіча.

Трэба адзначыць, што ў ініцыятыўную групу па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Мікалая Статкевіча — апазіцыйнага палітыка, палітзняволенага, які балаціраваўся ў прэзідэнты на выбарах 2010 года, — увайшло больш за 1,7 тысячы чалавек. Аднак, як заявіў сёння на пасяджэнні сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, у адпаведнасці з заканадаўствам Статкевіч не можа вылучацца кандыдатам у прэзідэнты. Згодна з артыкулам арт. 60 Выбарчага кодэкса «кандыдатамі ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь не могуць быць вылучаны грамадзяне, якія не маюць права ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь займаць пасады ў дзяржаўных органах і іншых дзяржаўных арганізацыях у сувязі з наяўнасцю судзімасці». Кіраўнік ініцыятыўнай групы Статкевіча яго жонка Марына Адамовіч заявіла, што будзе абскарджваць рашэнне ЦВК у Вярхоўным судзе.

Наступным этапам выбарчай кампаніі стане збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты, які будуць праводзіць члены зарэгістраваных ініцыятыўных груп. Самая шматлікая група ў Аляксандра Лукашэнкі (10,5 тыс. чалавек).

Нагадаем, на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года ЦВК зарэгістраваў ініцыятыўныя групы 17 прэтэндэнтаў у прэзідэнты з 19, якія аб`явілі аб сваім удзеле ў выбарах.

Пятыя па ліку прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 11 кастрычніка. //БелаПАН

Крыніца: belapan.com

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны