Навіны Навіны Беларусі

Мінская міліцыя выканала дабрачынныя дамоўленасці з апазіцыяй

Мінская міліцыя выканала дабрачынныя дамоўленасці з апазіцыяй

4672 праглядаў Мінск
Першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч атрымаў адказ з ГУУС Мінгарвыканкаму на свой ліст, у якім ён пытаўся пра тое, ці выкананыя дамоўленасці паміж мінскай міліцыяй і арганізатарамі сёлетняга «Чарнобыльскага шляха». Гаворка вялася пра абяцанне пералічыць сродкі, спагнаныя за ахову правапарадку падчас акцыі, на карысць аднаго з дзіцячых дамоў.

Нагадаем, 26 красавіка ў Мінску адбылося вулічнае шэсце «Чарнобыльскі шлях», прымеркаванае да 29-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Юрась Губарэвіч выступаў у якасці аднаго з заяўнікаў гэтай масавай вулічнай акцыі.

ГУУС Мінгарвыканкаму выставіла арганізатарам мерапрыемства кошт за паслугі аховы парадку падчас гэтага мерапрыемства ў памеры 13 млн. 661 тыс. 500 рублёў — па 2 млн. 732 тыс. 500 рублёў на кожнага з пяцёх арганізатараў акцыі.

«Аплату паслуг па ахове масавых мерапрыемстваў мінская міліцыя пачала патрабаваць з нядаўняга часу, хаця яны заўжды ўваходзілі ў яе непасрэдныя абавязкі і не маглі ажыццяўляцца на камерцыйнай падставе. Апрача таго, у выпадку ўжывання такой практыкі хацелася б бачыць падрабязна распісаны каштарыс аказаных паслуг пачынаючы ад колькасці задзейнічаных супрацоўнікаў міліцыі», — адзначае Юрась Губарэвіч.

«Рэгулярныя адвольныя затрыманні ўдзельнікаў санкцыянаваных вулічных акцый (апошні прыклад — Дзень Волі 25 сакавіка) ставяць пад сумнеў якасць аказаных паслуг. Узнікае пытанне: чаму арганізатары падобных масавых мерапрыемстваў павінны фінансаваць незаконныя дзеянні супраць мірных грамадзян?» — гаворылася ў звароце палітыка да начальніка ГУУС Мінгарвыканкаму Аляксандра Барсукова.

«У выніку перамоваў з міліцыяй напярэдадні „Чарнобыльскага шляху“ была дасягнутая наступная дамоўленасць: арганізатары пагаджаюцца плаціць за ахову правапарадку, але грошы, якія ГУУС Мінгавырканкаму спаганяе з іх, пералічваюцца дзіцячаму дому, над якім шэфствуе міліцэйскае ведамства», — прыгадаў адзін з кіраўнікоў Руху ў лісце.

Дзеля спраўджвання гэтай дамоўленасці ён даслаў копію квітанцыі аб аплаце паслуг мінскай міліцыі ў часе «Чарнобыльскага шляху» і папрасіў пацвердзіць пералічэнне гэтых сродкаў на рахунак дзіцячага дома: «Гэты акт дабрачыннасці паспрыяе наладжванню грамадскага дыялогу і паляпшэнню іміджу беларускіх праваахоўных органаў».

Упраўленне аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама паведаміла Юрасю Губарэвічу, што «на грашовыя сродкі, пералічаныя на рахунак ГУУС Мінгарвыканкамe па заключаных дамовах на аказанне паслуг па забяспячэнні аховы правапарадку пры правядзенні мерапраемстваў 26.04.2015, прысвечаных 29-й гадавіне аварыі на Чаробыльскай АЭС, былі набыты матэрыяльныя каштоўнасці (відэапраэктар Ерson, камп’ютар HP Pavilion, экран Classic Gemini)». Яны ў якасці спонсарскай дапамогі пры канцы чэрвеня былі перададзены Радашковіцкай школе-інтэрнату для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Чарнобыльскі шлях

Апошнія навіны