Навіны Навіны Беларусі

КДК не знайшоў прычын, каб прыцягнуць Цэнтрвыбаркам да адміністрацыйнай адказнасці

КДК не знайшоў прычын, каб прыцягнуць Цэнтрвыбаркам да адміністрацыйнай адказнасці

1974 праглядаў
КДК не знайшоў прычын, каб прыцягнуць Цэнтрвыбаркам да адміністрацыйнай адказнасці Сябры кампаніі «Права выбару-2015» атрымалі адказ на скаргу на Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў з Камітэта дзяржаўнага кантролю.

У адказе паведамляецца, што КДК не знайшоў прычын, каб прыцягнуць Цэнтрвыбаркам да адміністрацыйнай адказнасці ў сувязі з парушэннем апошнім тэрмінаў адказу ў адпаведнасці з законам «Аб звароце грамадзян і юрыдычных асоб».

Паводле КДК прапановы па зменах выбарчага заканадаўства, якія накіравалі ў Цэнтрвыбаркам суб'екты кампаніі «Права выбару-2015», з'яўляюцца па сутнасці прапановамі аб прыняцці праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях правядзення выбараў і рэферэндумаў» і не падлягаюць разгляду ў адпаведнасці з заканадаўствам аб зваротах грамадзян.

Кампанія «Права выбару-2015» лічыць, што Камітэт дзяржаўнага кантролю самаўхіліўся ад выканання свайго абавязку прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці супрацоўнікаў Цэнтральнай камісіі. Замест таго каб даць ацэнку факту адсутнасці адказу на зварот у Цэнтральную камісію шэрагу палітычных партый, КДК узяўся аналізаваць сам змест звароту аб ўдасканаленні Выбарчага кодэкса. КДК сцвярджае, што гэты зварот быў формай рэалізацыі заканадаўчай ініцыятывы грамадзян, якая рэалізуецца згодна з асобным парадкам ініцыятыўнай групай у колькасці не меней за 100 чалавек.

Гэткая трактоўка з'яўляецца неправамернай: Выбарчы кодэкс відавочна падзяляе заканадаўчую ініцыятыву грамадзян (якая рэалізуецца ініцыятыўнай групай, зарэгістраванай у ЦВК згодна з п.10 арт.33 Выбарчага кодэкса) ад працы Цэнтральнай камісіі па разглядзе зваротаў арганізацый (п.27 арт. 33 Выбарчага кодэкса) і па сістэматызацыі выбарчай практыкі і ўдасканаленні выбарчага заканадаўства (п. 28 і 29 арт. 33 Выбарчага кодэкса).

Такім чынам КДК дае зразумець, што Цэнтральная камісія ў сваёй працы вольная беспакарана парушаць заканадаўства пра звароты грамадзян і арганізацый. Гэткі падыход некарэктны і спрыяе больш грунтоўным парушэнням заканадаўства ўжо ў часе самой выбарчай кампаніі, бо ставіць Цэнтральную камісію па-над законам.

Адсутнасць звароту на прапановы па ўдасканаленні выбарчага заканадаўства будзе абскарджаная суб'ектамі кампаніі "Права выбару-2015" у судовым парадку ў адпаведнасці з п.6 арт. 20 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб".

Адзін з каардынатараў кампаніі «Права выбару-2015» Дзяніс Садоўскі лічыць, што Цэнтрвыбаркам у сваёй працы вольны беспакарана парушаць заканадаўства аб зваротах грамадзян і арганізацый.

- Такі падыход у трактоўцы заканадаўства інакш як ганебным не назавеш. Гэта можа спрыяць толькі большым парушэнням заканадаўства ўжо ў часе самой выбарчай кампаніі, бо ставіць Цэнтральную камісію па-над законам. Суб'екты кампаніі "Права выбару-2015" лічаць гэткую практыку недапушчальнай. У часе маючай адбыцца выбарчай кампаніі назіральнікі будуць прымушаць выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў, ад участковай да цэнтральнай, даваць адказы на ўсе звароты назіральнікаў у парадку, устаноўленым заканадаўствам", - гаворыць Дзяніс Садоўскі.

У кампанію па назіранню за выбарамі “Права выбару-2015” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, “Гавары праўду!”, “Рух “За Свабоду!”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.

Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаваньне на іх.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Права выбару

Апошнія навіны