Навіны Навіны Руху

20 чэрвеня — уручэнне прэміі імя Васіля Быкава. Як патрапіць?

20 чэрвеня — уручэнне прэміі імя Васіля Быкава. Як патрапіць?

4655 Праглядаў Мінск Бычкі
Маем прапанову, як прабавіць суботу, 20 чэрвеня, у цікавай кампаніі ў гістарычным месцы падчас пачэснага мерапрыемства: Рух «За Свабоду» запрашае ўсіх ахвотных на ўручэнне прэміі прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава!

Імпрэза, якую будзе весці акцёр, вядучы «Падарожжаў дылетанта» Юрый Жыгамонт, адбудзецца на малой радзіме пісьменніка — у вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці.

У праграме — уласна ўшанаванне сёлетняга лаўрэата, імя якога будзе трымацца ў сакрэце да самай цырымоніі; выступ музыкі, аднаго з лаўрэатаў прэміі Лявона Вольскага; сяброўская бяседа ў дворыку былой школы Быкава.

Цырымонія ўручэння прэміі «За свабоду думкі» пачнецца 20 чэрвеня, у суботу, а 15-й гадзіне. Ад’езд ў Бычкі з Мінска аўтобусамі ад уваходу ў Батанічны сад каля дома № 80 па праспекце Незалежнасці аб 11.30.

Што патрэбна для таго, каб узяць удзел у мерапрыемстве?

Усяго толькі запоўніць караценькую форму ТУТ і завітаць у любы дзень да пятніцы ўключна ад 11 да 19 гадзін у офіс Руху «За Свабоду» (Мінск, пр-т Незалежнасці, 80-73) па запрашальнік і адмысловы буклет, якія стануць своеасаблівым квітком на аўтобус. Сімвалічны ўнёсак для ўдзелу — 50 тысяч рублёў на арганізацыйныя выдаткі.

Пытанні можна задаць па мінскім тэлефоне 2808863. +375 17 280-88-63

Даведкава:

Прэмія «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава заснаваная лідарам Руху «За Свабоду» ў 2008 годзе. Ідэя ўзнікла пасля атрымання Аляксандрам Мілінкевічам прэміі «За свабоду думкі» імя Андрэя Сахарава, якую ўручае Еўрапарламент.

Прэміяй «За свабоду думкі» ўзнагароджваюцца асобы, якія праявілі сябе грамадскай і творчай дзейнасцю на карысць Беларусі і Свабоды.

Лаўрэатамі прэміі мінулымі гадамі станавіліся літаратары Рыгор Барадулін, Уладзімір Арлоў, палітык-літаратар Павел Севярынец, мастак Алесь Пушкін, краязнаўца Ада Райчонак, палітык-паэт Уладзімір Някляеў, музыка Лявон Вольскі і краязнаўца Алесь Белакоз, музыка Зміцер Вайцюшкевіч, мастак Алесь Марачкін, акцёр Віктар Шалкевіч.

«Лаўрэатаў прэміі „За свабоду думкі“ вызначае не Рух „За Свабоду“, а выбітныя людзi Беларусi. Спачатку, у 2008 годзе, быў складзены cпic з 50 найбoльш вядомых лiдараў думак, якія і вызначылі першых уладальнікаў прэміі. У наступныя гады iмёны пераможцаў сталі называць лаўрэаты папярэдніх гадоў. Такім чынам, журы кожны год папаўняецца аўтарытэтнымі асобамі. Лiчу такi прынцып вельмi справядлівым і аб’ектыўным», — кажа старшыня Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Прэмія «За свабоду думкі» імя Быкава

Апошнія навіны