Навіны Навіны Беларусі

На што міліцыя траціць грошы апазіцыі?

На што міліцыя траціць грошы апазіцыі?

2934 праглядаў Мінск
Першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч звярнуўся да Аляксандра Барсукова, начальніка ГУУС Мінгарвыканкаму, каб высветліць, ці трымае мінская міліцыя сваё слова.

26 красавіка ў Мінску адбылося вулічнае шэсце «Чарнобыльскі шлях», прымеркаванае да 29-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Губарэвіч выступаў у якасці аднаго з заяўнікаў гэтай масавай вулічнай акцыі.

ГУУС Мінгарвыканкаму выставіла арганізатарам мерапрыемства кошт за паслугі аховы парадку падчас гэтага мерапрыемства ў памеры 13 млн. 661 тыс. 500 рублёў — па 2 млн. 732 тыс. 500 рублёў на кожнага з пяцёх арганізатараў акцыі.

«Аплату паслуг па ахове масавых мерапрыемстваў мінская міліцыя пачала патрабаваць з нядаўняга часу, хаця яны заўжды ўваходзілі ў яе непасрэдныя абавязкі і не маглі ажыццяўляцца на камерцыйнай падставе. Апрача таго, у выпадку ўжывання такой практыкі хацелася б бачыць падрабязна распісаны каштарыс аказаных паслуг пачынаючы ад колькасці задзейнічаных супрацоўнікаў міліцыі», — адзначае Юрась Губарэвіч.

«Рэгулярныя адвольныя затрыманні ўдзельнікаў санкцыянаваных вулічных акцый (апошні прыклад — Дзень Волі 25 сакавіка) ставяць пад сумнеў якасць аказаных паслуг. Узнікае пытанне: чаму арганізатары падобных масавых мерапрыемстваў павінны фінансаваць незаконныя дзеянні супраць мірных грамадзян?» — гаворыцца ў звароце палітыка.

Губарэвіч нагадвае начальніку ГУУС Мінгарвыканкаму: «У выніку перамоваў з міліцыяй напярэдадні „Чарнобыльскага шляху“ была дасягнутая наступная дамоўленасць: арганізатары пагаджаюцца плаціць за ахову правапарадку, але грошы, якія ГУУС Мінгавырканкаму спаганяе з іх, пералічваюцца дзіцячаму дому, над якім шэфствуе міліцэйскае ведамства».

Дзеля спраўджвання гэтай дамоўленасці ён даслаў копію квітанцыі аб аплаце паслуг мінскай міліцыі ў часе «Чарнобыльскага шляху» і папрасіў пацвердзіць пералічэнне гэтых сродкаў на рахунак дзіцячага дома.

«Гэты акт дабрачыннасці паспрыяе наладжванню грамадскага дыялогу і паляпшэнню іміджу беларускіх праваахоўных органаў», — кажа адзін з кіраўнікоў Руху «За Свабоду».

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Чарнобыльскі шлях

Апошнія навіны