Навіны Аналітыка

Вынікі візыту Сі Цзіньпіна ў Беларусь: пагадненьне з падвойным дном

Вынікі візыту Сі Цзіньпіна ў Беларусь: пагадненьне з падвойным дном

2015 Праглядаў Мінск Пекін
У піяраўскім пляне візыт старшыні КНР Сі Цзіньпіна стаў відавочным посьпехам уладаў Беларусі, але сапраўдная эканамічная і палітычная выгада ад падпісаных пагадненьняў застаецца пытаньнем спрэчным.

Такую думку ў інтэрвію Радыё «Свабода» выказаў палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі:

«На мой погляд, у піяраўскім пляне сапраўды для ўладаў Беларусі візыт кітайскага кіраўніка — гэта царскі падарунак. Лічбы падпісаных пагадненьняў уражваюць, гаворка ідзе пра мільярдныя крэдыты, і афіцыйная прапаганда ўжо жанглюе гэтымі лічбамі. Перад выбарамі беларускаму электарату ўбіваюць у галаву думку, што хоць расейская эканоміка прасела і відавочна, што Масква ўжо ня можа ў той ступені, як раней, субсыдыяваць беларускую эканоміку, але, маўляў, мы не прападзем, бо ёсьць Паднябесная, ёсьць магутная кітайская эканоміка, і стратэгічнае партнэрства з Пэкінам нас уратуе. І толькі адмыслоўцы бачаць, што тут усё не так проста, што ёсьць падвойнае дно, ёсьць падводныя рыфы ў гэтых пагадненьнях», — кажа экспэрт.

Класкоўскі зьвяртае ўвагу на тое, што прадстаўнікі ўраду Беларусі «блытаюцца ў паказаньнях» наконт сумы кітайскіх крэдытаў. Чыноўнікі фактычна вуалююць тое, што словы Аляксандра Лукашэнкі пра пераход Беларусі і Кітаю ад крэдытнага да інвэстыцыйнага супрацоўніцтва пакуль застаюцца толькі пажаданьнем. Самі ж кітайскія крэдыты аказваюцца зьвязанымі, кшталту такіх, калі Беларуская чыгунка атрымлівае нейкую пазыку, аднак мусіць пры гэтым купляць менавіта кітайскія электравозы.

«То бок Кітай працягвае спрытна вырашаць свае праблемы. Ён цяпер мае вялікае станоўчае сальда ў гандлі зь Беларусьсю, ён прыладкоўвае ў нас свой тавар, тут кітайская працоўная сіла і кітайскія адмыслоўцы знаходзяць сабе прымяненьне. А беларускі бок пакуль толькі хоча зьмяніць гэты балянс — ну, можа, за кошт продажу калійных угнаеньняў, але тут яшчэ трэба глядзець, наколькі гэта будзе выгадна, бо кітайцы ўмеюць добра зьбіваць цану. Такім чынам, сапраўды гэта вялікая падзея для ўладаў нашай краіны, гэта ў піяраўскім пляне дае ім козыры. Але супраца з Кітаем (хоць яна мае значэньне і сапраўды падсілкоўвае беларускую эканоміку) — тут балянс плюсаў і мінусаў для Беларусі на сёньня вельмі складаны і рызыкоўны», — адзначае палітычны аналітык.

Грошы, якія яшчэ трэба атрымаць

Сі Цзіньпін пакінуў Беларусь сёньня раніцай.

На працягу візыту кіраўніка КНР прадстаўнікі ўраду Беларусі называлі розныя лічбы кітайскіх крэдытаў, якія мае атрымаць Беларусь. Спачатку па выніках перамоваў Сі Цзіньпіна і Аляксандра Лукашэнкі 10 траўня паведамлялася пра 1 млрд кітайскіх крэдытаў: 700 мільёнаў даляраў для ААТ «Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь» і 300 мільёнаў — для ААТ «АСБ Беларусбанк». На наступны дзень у Менску на беларуска-кітайскім міжрэгіянальным бізнэс-форуме міністар эканомікі Ўладзімер Зіноўскі заявіў, што агулам Кітай гатовы даць Беларусі крэдыты на 7 млрд даляраў. Пра тыя ж самыя 7 мільярдаў потым казаў прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў. Але па выніках перамоваў 11 траўня Міністэрства фінансаў Беларусі ўдакладніла, што падчас візыту старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Менск дасягнутыя крэдытна-інвэстыцыйныя доўгатэрміновыя дамоўленасьці агулам на 3,5 млрд даляраў ЗША.

Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук у размове з Радыё Свабода адзначыў, што мільярды даляраў, пра якія кажуць ва ўрадзе Беларусі, яшчэ трэба будзе атрымаць.

«Падпісаць — гэта ня значыць яшчэ даць. Трэба чытаць, што ў гэтых дамоўленасьцях запісана: або гэта крэдытная лінія, або гэта праекты, пад якія трэба даць грошы. Пакуль гэта больш дэкляратыўныя дамовы, якія яшчэ трэба пастарацца рэалізаваць. Некалькі гадоў таму, калі Кітай адкрыў для Беларусі крэдытную лінію на 16 мільярдаў даляраў, таксама здавалася, што вось будзе нам „крэдытны дождж“. Але з гэтай крэдытнай лініі, я думаю, ня болей за траціну было выкарыстана», — кажа эканаміст.

Тыя ж, якія былі выкарыстаныя, пайшлі на рэалізацыю ня самых эфэктыўных для беларускай эканомікі праектаў, адзначыў Раманчук.

Лепш браць не крэдыты, а кітайскіх чыноўнікаў

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка ў размове з Радыё Свабода асабліва зьвярнуў увагу на тое, што кітайскія крэдыты, пра якія дамовіліся Менск і Пэкін, зьвязаныя. Гэта значыць, беларускі бок пры рэалізацыі крэдытных праектаў будзе абавязаны закупляць у кітайцаў тавары і рознае абсталяваньне. (Паводле зьвестак TUT.by, доля кітайскага абсталяваньня, працаў, паслуг павінна складаць ня менш за 50% ад агульнага кошту кожнага крэдытнага праекту).

Заіка лічыць, што кітайскія крэдыты ня вырашаць праблему выплаты Беларусьсю зьнешняга доўгу, бо гэтыя грошы выдзяляюцца пад канкрэтныя праекты. Крэдыты толькі дапамогуць ліквідаваць пэўныя фінансавыя разрывы і нестыкоўкі фінансавых патокаў. «А ў цэлым нагрузка ўсё роўна будзе класьціся на наша насельніцтва. Якія б ні былі крэдыты, грошы плацяць людзі», — канстатуе экспэрт.

Пагатоў ня вырашаць кітайскія крэдыты і ў цэлым праблемы беларускай эканомікі.

«Беларуская эканоміка мае патрэбу не ў чужых грошах, яна мае патрэбу ў тым, каб запрацавалі ўнутраныя інстытуты разьвіцьця, каб запрацавалі вытворчыя сілы, якія грунтуюцца на творчай энэргіі чалавека. У нас жа эканоміка кансэрватыўная, нерухавая, кіраваная з цэнтру. Камуністычныя чыноўнікі Кітаю больш прагрэсіўныя, чым нашы „рыначнікі“. Кітаю ў свой час ніхто крэдытаў не даваў, Кітай разьвіваўся за кошт унутраных інвэстыцыяў, за кошт продажу сваёй прадукцыі. А цяпер мы купляем кітайскія машыны, кітайскія ноўтбукі — і гэта ўсё адбылося за 20 гадоў. А мы ўвесь гэты час праціралі штаны. Таму лепш было б не крэдыты браць, а замяніць нашых чыноўнікаў кітайскімі», — кажа Заіка.

Леанід Злотнікаў: Кітай пракрэдытуе Беларусь на 7 мільярдаў даляраў

4 мільярды атрымаюць беларускія банкі. «Крэдытная лінія адкрытая для Беларусі ўжо некалькі гадоў, але раней грошы выдзяляліся на канкрэтныя валютаакупныя праекты, для якіх кітайцы прадастаўлялі абсталяванне ды спецыялістаў», — кажа эканаміст Леанід Злотнікаў:

— Зараз яны даюць 4 мільярды банкам таксама пад пэўныя праекты, я так разумею што гэта перасоўванне сродкаў крэдытнай лініі, якая была адчыненая даўно. Але цяпер яны дадуць банкам магчымасць ацэньваць гэтыя праекты на месцы, а не ў Кітае, як гэта рабілася раней.

Праблема ў тым, што цяпер у Беларусі няма валютаакупных праектаў. «Крэдытная лінія была адкрытая, але не выкарыстоўвалася належным чынам, — працягвае Леанід Злотнікаў і дадае, што астатнія 3 мільярды ад Кітая — крэдыт беларускаму кіраўніцтву».

— Я нават не ведаю, ці ёсць нейкія ўмовы, якія абмяжоўваюць выкарыстанне гэтых крэдытных ліній альбо гэта поўная свабода выкарыстання гэтых крэдытаў. Але магу паўтарыць такую ацэнку, што ў Беларусі практычна няма валютна акупаемых праектаў І ў выніку гэтыя крэдыты, як і ў мінулыя гады, будуць «праедзеныя». І гэта толькі абцяжарыць становішча, калі праз некалькі гадоў крэдыты давядзецца вяртаць.

Злотнікаў адзначае, што паніжэнне канкурэнтназдольнасці беларускага экспарту ў Расею вельмі моцна ўдарыла па эканоміцы Беларусі. Для прыкладу, кошты на трактары ўпалі з 35 да 20 тысяч даляраў ЗША. «Эканамічная сітуацыя Беларусі сёння цалкам залежыць ад крэдытаў», — мяркуе Леанід Злотнікаў. — Рэальны заробак ужо зніжаецца, і стрымаць падзенне заробкаў будзе вельмі цяжка, калі мы не атрымаем гэтыя крэдыты ці дапамогу ад Расеі, ці не прададзім палову калійнага камбінату. Калі гэтага не адбудзецца, то будзе дэвальвацыя".

— Эканамічная сітуацыя ў Беларусі вельмі напружаная, і калі ўрад не знойдзе 4 мільярда даляраў, каб пакрыць дзяржаўныя даўгі, і 11 мільярдаў, каб пракрыць даўгі прадпрыемстваў і камерцыйных банкаў, то непазбежна наступіць паніжэнне ўзроўню жыцця беларускага грамадства«, — адзначыў Радыё «Рацыя» эканаміст.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны