Навіны Аналітыка

Эксперт: Лукашэнка хоча прадаць палітвязняў максімальна дорага і шматвектарна

Эксперт: Лукашэнка хоча прадаць палітвязняў максімальна дорага і шматвектарна

3256 Праглядаў Масква
У Расіі з’явіліся свае палітвязні ў Беларусі — Іван Гапонаў і Арцём Брэвус, абвінавачаныя па справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня. І Расія на высокім узроўні ўжо не адзін раз даволі жорстка запатрабавала вызвалення сваіх грамадзян, а таксама іншых неабгрунтавана затрыманых палітыкаў і актывістаў. Лукашэнка задумаў гандаль палітвязнямі і з Масквой?

Пра гэта Pyx.by гутарыць з кіраўніком Цэнтра палітычнай адукацыі Андрэем Ляховічам.

— Так, гэта з’явы аднаго парадку, — лічыць палітолаг. — Мы бачым, што пачынаецца новы этап, калі ў рэжыма Лукашэнкі стала яшчэ больш гэтага «жывога тавару», які ён хоча прадаць Захаду па максімальна высокай цане. Што ўваходзіць у паняцце максімальнай цаны для Лукашэнкі? Захад пакідае яго ў спакоі, задаволіўшыся вызваленнем палітычных зняволеных, і не нагадвае аб свабодных выбарах, вольнай прэсе і артыкуле КК 193-1 (аб незарэгістраваных арганізацыях).

Што тычыцца Расіі, то тут прысутнічае і досыць цікавы нюанс. Лукашэнка перад выбарамі не раз намякаў, што менавіта Расія ініцыявала змену ўлады з дапамогай рэвалюцыі ў Кыргызстане. Нагадаю, тады ж Лукашэнка насуперак расійскаму кіраўніцтву даў прытулак зрынутаму прэзідэнту Бакіеву. Зараз паказальным працэсам над расіянамі Гапоновым і Брэвусам Лукашэнка сігналізуе Расіі, што той сцэнар, які быў рэалізаваны ў Кыргызстане і, магчыма, плануецца да рэалізацыі ў іншых краінах СНД, у Беларусі ніколі не пройдзе.

Андрэй Ляховіч лічыць, што беларускаму дэмакратычнаму руху не варта спадзявацца на ўсходняга суседа што да ўсведамлення ім бядотнага становішча з правамі і свабодамі ў Беларусі.

— Расія ніколі не была салідарная з Еўропай. І заявы расійскіх кіраўнікоў пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі 19 снежня і пасля — не больш чым чарговы ход Расіі ў спробах прымусіць Лукашэнку пайсці на саступкі. Расію не цікавяць правы чалавека ў Беларусі, Расія хоча падштурхнуць Лукашэнку да сапраўднай інтэграцыі: продажу прадпрыемстваў, аб’яднанню валютных сістэм, пашырэнню ваеннай расійскай прысутнасці, падпісання Канстытуцыйнага акта Саюзнай дзяржавы пад дыктоўку Масквы. Вось гэта сапраўды цікавіць Расію. І гэта яна спрабуе атрымаць ад Лукашэнкі. Як адзін з хадоў у камбінацыі ціску на кіраўніка Беларусі Расія цяпер будзе выкарыстоўваць тэму палітвязняў, магчыма, тэму непрапарцыйнага выкарыстання сілы 19 снежня, пагрозу далучыцца да ціску Еўрасаюза. Аднак гэта будзе не больш чым шантажом і пагрозай. Акрамя таго, расійскія карты Аляксандру Лукашэнку даўно і выдатна вядомыя. Таму аб якім-небудзь паляпшэнні расійска-беларускіх адносін пасля 19 снежня я б не казаў.

Лукашэнка, у сваю чаргу, пераходзіць зараз да палітыкі лавіравання. Ён будзе палохаць Маскву базамі НАТО пад Воршай, а Захад — перспектывай пашырэння Расіі да Брэста. І для Расіі, і для Захаду — гэта адначасова і пагроза, і інтарэс № 1. На гэтым Лукашэнка заўсёды гуляў і зараз гуляе. Пакуль гэтая гульня была для яго паспяховай.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны