Навіны Навіны Руху

З чым апазіцыя пойдзе на выбары?

З чым апазіцыя пойдзе на выбары?

2318 Праглядаў Мінск
Апазіцыя плануе заслужыць давер выбаршчыкаў празрыстай прэзідэнцкай кампаніяй і скіраванасцю на пазітыўныя змены.

Аб’яднаць намаганні апазіцыя вырашыла ўжо пачынаючы з агульнай пазіцыі падчас правядзення саміта Усходняга партнёрства ў Рызе. Працягне працаваць разам на прэзідэнцкіх выбарах гэтага года, а таксама на парламенцкіх выбарах у 2016 годзе.

Гэтая праца стане двухгадовай кампаніяй, скіраванай на прасоўванне ідэй мірных пераменаў і развіцця.

Выканаўца абавязкаў кіраўніка грамадскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў кажа, што на восеньскіх прэзідэнцкіх выбарах апазіцыя будзе прадстаўлена ў новым іміджы.

— Мы плануем выйсці з дэпрэсіі, пастаяннага жалобнага спева і паказаць, што апазіцыя ёсць адэкватная і цікавая. Яна мае бачанне будучыні беларускай прасторы, — расказвае ён.

Адзіным кандыдатам ад кааліцыі «Народны рэферэндум» на выбары абраная актывістка кампаніі «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч.

Андрэй Дзмітрыеў лічыць, што вылучэнне Таццяны Караткевіч кандыдатам у прэзідэнты, а таксама празрыстая кампанія, стануць крокам у новым накірунку і дазволяць павысіць давер грамадзян да апазіцыі.

— Зыходзячы з мінулага вопыту, мы хочам выйсці з напрацаванага кола, каб вызваць давер у грамадства. Мы хочам, каб улада зразумела, што ў краіне жыве не толькі яна і людзі, якія яе падтрымліваюць, але ўжо ёсць вялізарная колькасць людзей, якія думаюць інакш, і яны не становяцца з-за гэтага ворагамі. Яны — гэта частка краіны, з якой трэбы лічыцца і размаўляць, — тлумачыць Андрэй Дзмітрыеў.

Кто способен победить Лукашенко на выборах?

Прадстаўнікі чатырох арганізацый, якія падтрымалі кампанію «Народны рэферэндум», увойдуць ў яе каардынацыйны штаб і будуць кіраваць рознымі напрамкамі сумеснай працы.

Правядзеннем палітычный кампаніі зоймецца «Гавары праўду». Адзіны спіс кандыдатаў на парламенцкія выбары 2016 года пачала і працягне фарміраваць партыя БНФ. Рух «За Свабоду» стане адказным за грамадзянскую кампанію у межах «Народнага рэферэндума». Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) будзе каардынаваць супрацоўніцтва з прадстаўнікамі іншых дэмакратычных сіл.

Разам з палітычнымі лозунгамі працягнецца праца над грамадскай кампаніяй «Народны рэферэндум». А менавіта зборам подпісаў у падтрымку шасці вылучаных пытанняў.

— Падчас прэзідэнцкай кампаніі мы зможам выйсці на лічбу ў 250 тысяч подпісаў і яшчэ не менш за 250 тысяч у наступным годзе, — упэўнены намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксей Сігаеў, які ў штабе будзе адказным за грамадзянскую кампанію.

Грамадства становіцца больш актыўным падчас выбарчых кампаній. Таму гэта добрая магчымасць пазнаёміць людзей са змястоўнай часткай рэферэндума.

— Згодна з апытаннямі Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, больш за траціну грамадзян ведаюць пра існаванне ініцыятывы «Народны рэферэндум», і 49% з іх жадаюць, каб у Беларусі адбыўся гэты рэферэндум, — кажа першы намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

Улада сёння знаходзіцца ў непростай сітуацыі: з аднаго боку трэба даваць людзям адказы на сацыяльныя пытанні, звязаныя з крызісам і пагаршэннем узроўня жыцця, з іншага боку ёсць пагроза незалежнасці. І няма гарантыі, што ўлада зможа захаваць свае пазіцыі, калі не будзе абапірацца на падтрымку большасці. І калі гэтая большасць кансалідавана будзе нешта ў яе патрабаваць, ёй прыйдзецца імкнуцца да пераменаў, лічыць прадстаўнік руху «За Свабоду».

Таксама запланаваная рапрацоўка адмысловых законапраектаў па пытаннях, звязаных з Народным рэферэндумам і больш шырокага спектра.

У бліжэйшых планах кааліцыі падняць пытанне рэфармавання медыцыны і выбарнасці мэраў гарадоў мясцовымі жыхарамі. Падчас прэзідэнцкай кампаніі плануецца вынесці на грамадскае слуханне пытанне абмежавання знаходжання кіраўніка дзяржавы ва ўладзе двума тэрмінамі.

У эканоміцы лідары апазіцыі чакаюць пастаянных правілаў для прыватнага сектара, якія б дазвалялі яму пашырацца. На думку Андрэя Дзмітрыева, гэта неабходна таксама ўладам, каб вырашыць праблему з нарастаючым беспрацоўем.

У адукацыі і медыцыне, па словах лідара кампаніі «Гавары праўду», ёсць шмат добрых распрацовак у міністэрствах.

— Ёсць добрыя прафесіяналы ўнутры улады, якія ведаюць, як вырашаць праблемы ў медыцыне і адукацыі. Але яны не могуць гэтага зрабіць, бо ў краіне няма на гэта палітычнай волі, — кажа ён.

#рэферэндум

Крыніца: www.zautra.by

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Народны рэферэндум

Апошнія навіны