Навіны Навіны Беларусі

Ці адкажа Лукашэнка дзясяткам тысяч беларусаў?

Ці адкажа Лукашэнка дзясяткам тысяч беларусаў?

2724 праглядаў Мінск
Зварот ініцыятараў «Народнага рэферэндуму» з нагоды штогадовага паслання кіраўніка краіны народу і парламенту:

«29 красавіка Аляксандр Лукашэнка звернецца з традыцыйным штогадовым пасланнем да народа і Нацыянальнага сходу. Ініцыятары кампаніі «Народны рэферэндум», прадстаўляючы сацыяльна-эканамічныя і палітычныя інтарэсы значнай колькасці беларусаў, якія ў тым ліку ёсць заяўленымі адрасатамі прамовы кіраўніка краіны, заклікаюць яго агучыць сваю пазіцыю датычна гэтай ініцыятывы мірных пераменаў, а таксама адносна шасці пытанняў з парадку дня прапанаванага рэферэндуму.

Кіраўнік краіны і дэпутаты мусяць прыслухацца да волі народа, у адваротным выпадку — вытлумачыць, чаму яны ігнаруюць меркаванні дзясяткаў тысяч беларусаў альбо лічаць іх няслушнымі.

Штогадовае пасланне — гэта не толькі ўстаноўкі зверху, а перадусім справаздача перад народам, адказы на пытанні і памкненні грамадзян. У сваю чаргу трансляваць іх абавязаныя і дэпутаты, калі яны сапраўды хочуць звацца і быць народнымі абраннікамі. У выпадку, калі Аляксандр Лукашэнка абміне ўвагай ініцыятыву «Народны рэферэндум», мы заклікаем дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі задаць яму адпаведнае пытанне.

Бо «Народны рэферэндум» — гэта сродак, што дазваляе даць адказы на выклікі, якія стаяць перад Беларуссю, і дасягнуць нацыянальнай згоды па асноўных пытаннях развіцця нашай краіны — развіцця шляхам мірных пераменаў.

Прэзідэнт і дэпутаты — для народа, а не народ — для прэзідэнта і дэпутатаў!

Нагадаем, пытанні «Народнага рэферэндуму» сфармуляваныя так:

— Ці згодныя вы, што ў дзяржаўных установах адукацыі і аховы здароўя ўсе паслугі грамадзянам Беларусі павінны аказвацца бясплатна?

— Ці згодныя вы, што кіраўнікі выканкамаў гарадоў, раёнаў, абласцей павінны абірацца прамым галасаваннем грамадзян?

— Ці падтрымліваеце вы курс на эканамічную інтэграцыю, асацыяцыю і стварэнне бязвізавай прасторы з Еўрапейскім саюзам?

— Ці згодныя вы, што для забеспячэння нейтральнага статусу Беларусі ў краіне павінна быць забаронена размяшчэнне замежных ваенных аб’ектаў, ядзернай зброі, а беларускія ваеннаслужачыя не павінны несці службу за мяжой?

— Ці згодныя вы, што адна і тая ж асоба не можа займаць пасаду прэзідэнта больш за два тэрміны?

— Ці згодныя вы, што грошы, атрыманыя ад запланаванай урадам прыватызацыі, у першую чаргу павінны пайсці на кампенсацыю ўкладаў, страчаных падчас дэвальвацыі-2011, і стварэнне працоўных месцаў?

Паводле вынікаў снежаньскага апытання НІСЭПД, 48% беларусаў выступаюць за перамены ў Беларусі праз правядзенне «Народнага рэферэндуму». Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), кампанія «Гавары праўду», Партыя БНФ і Рух «За Свабоду» сабралі ў межах ініцыятывы «Народны рэферэндум» ужо 110 тысяч подпісаў грамадзян Беларусі ў яго падтрымку. 50 тысяч подпісаў былі перададзеныя дэпутатам — гэта падстава для ініцыявання імі плебісцыту. Сотні электронных зваротаў з заклікам прызначыць рэферэндум накіраваныя ў Адміністрацыю прэзідэнта".

#рэферэндум

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Народны рэферэндум

Апошнія навіны