Навіны Аналітыка

Польшча не мяняе падыходаў да ацэнкі сітуацыі ў Беларусі

Польшча не мяняе падыходаў да ацэнкі сітуацыі ў Беларусі

3119 Праглядаў Варшава
Першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч разам з шэрагам іншых прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў узяў 22 красавіка ўдзел у пасяджэнні камісіі па замежных справах Сейма Польшчы.

Разважаючы на пасяджэнні пра палітычную сітуацыю ў Беларусі, Юрась Губарэвіч сказаў, што апазіцыя падышла да прэзідэнцкіх выбараў-2015 нескансалідаванай, без адзінага кандыдата, а беларускае грамадства пасіўнае, бо перабывае ў стане боязі гвалтоўных зменаў сітуацыі.

Адзін з кіраўнікоў Руху «За Свабоду» адзначыў неабходнасць падтрымліваць і пашыраць праеўрапейскія настроі сярод грамадзян Беларусі. Гэтаму, у прыватнасці, могуць паспрыяць доўгатэрміновыя кампаніі, якія здольныя аб’яднаць людзей вакол ідэі мірных перамен, сярод якіх значыцца і еўрапеізацыя.

Што тычыцца ўладаў, то, на думку Юрася Губарэвіча, кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка спрабуе пасылаць сігналы таго, што ён вядзе незалежную ад Масквы палітыку — гэта і пазіцыя за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, і рашэнне не браць удзелу ў парадзе 9 траўня у сталіцы Расіі. «Аднак пры гэтым няма сігналаў, якія б сведчылі пра лібералізацыю палітычнай атмасферы ўнутры Беларусі. Першым такім сігналам магло б быць чаканае вызваленне палітвязняў», — сказаў Губарэвіч.

Гэта былі ўжо другія беларуска-польскія міжпартыйныя кансультацыі за апошні час, першыя адбыліся ў снежні.

З беларускага боку, апрача Юрася Губарэвіча, удзел у іх узялі лідары Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, адзін з лідараў кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў, сустаршыня па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, намеснік старшыні па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Алесь Арастовіч, кіраўнік «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў, кіраўнік «Беларускага дому» у Варшаве Алесь Зарэмбюк і палітык Уладзімір Някляеў.

Польскі бок прадстаўлялі каля дзясятка парламентарыяў, сярод якіх Роберт Тышкевіч, кіраўнік камсіі па замежных справах Сейма; Агнешка Казлоўска-Раевіч, кіраўніца працоўнай групы «Еўранесту» па Беларусі, былая міністр па праблемах раўнапраўя; Вітольд Вашчыкоўскі, колішні намеснік міністра замежных справаў.

Пры канцы сустрэчы Роберт Тышкевіч заявіў пра неабходнасць працягу падобных кансультацый. Паводле яго словаў, Польшча не мяняе падыходаў да ацэнкі сітуацыі ў Беларусі: яна будзе абапiрацца на наяўнасць рэальных зменаў. Польскі дэпутат заявіў пра падтрымку ініцыятыў і дзеянняў, якія адкрываюць Беларусь для Еўропы і Еўропу для Беларусі.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны