«Гэтая дынаміка звязаная з рэгіянальнымі падзеямі, а не са зменай палітычнага рэжыму ўнутры Беларусі», — адзначыў удзельнік паседжання намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец.
Іншымі словамі, Аляксандр Лукашэнка не перастаў быць дыктатарам, проста перастаў быць апошнім з дыктатараў Еўропы. Спецспавяшчальнік ПАР’Е ў справах Беларусі Андрэа Рыгоні падчас паседжання ўзгадаў пра ціск на палітвязня Міколу Статкевіча. Экс-кандыдат у прэзідэнты цяпер у адзіночнай камеры чакае суду, яму пагражае перавод у турму строгага рэжыму. Не вырашаным застаецца і пытанне смяротнага пакарання. Беларусь — адзіная краіна Еўропы, што яго практыкуе, і адзіная ж не ўваходзіць у Раду Еўропы. У Страсбуры прадстаўнік уладаў даў зразумець, што мараторый на смяротнае пакаранне бліжэйшым часам уводзіць не будуць.
«Мы маем намер дамагацца вяртання статусу спецзапрошанага, але пры гэтым нашая пазіцыя і нашыя каштоўнасці застаюцца нязменнымі», — заявіў старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах Мікалай Самасейка.
Як і пытанне палітвязняў, пытанне смяротнага пакарання ўжо не першы раз выкарыстоўваецца ў якасці сродку палітычнага гандлю з Захадам.
«Я, звяртаючыся да спадара Самасейкі, сказаў, што вызваліць палітвязняў, гэтаксама, як і ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне, гэта справа аднаго кроку», — заўважыў у размове з «Белсатам» Алесь Лагвінец.
Наколькі афіцыйны Менск мае волю і жаданне кіравацца фундаментальным еўрапейскім каштоўнасцям, настолькі Беларусь зможа разлічваць на працяг супрацы з Парламенцкай Асамблеяй, лічыць Андрэа Рыгоні. У лістападзе спецдакладчык ПАР’Е збіраецца наведаць нашую краіну падчас выбараў.
«Дзень прэзідэнцкіх выбараў стане важнаю праверкаю таго, наколькі Беларусь імкнецца да паляпшэння ўзаемаадносінаў з Радаю Еўропы ды іншымі міжнароднымі арганізацыямі», — адзначыў спецдакладчык ПАРЕ Андрэа Рыгоні.
Дыялог уладаў з еўрапейскімі структурамі — гэта сродак, а не мэта. У Радзе Еўропы чакаюць, калі ўжо сапраўдны дыялог між уладай і грамадствам пачнецца ў самой Беларусі. А разам з тым — змены ў бок еўрапейскіх стандартаў жыцця і справядлівасці.