Навіны Навіны Беларусі

Улады адказалі Руху «За Свабоду» на прапановы для Мінска

Улады адказалі Руху «За Свабоду» на прапановы для Мінска

4229 Праглядаў Мінск
Рух «За Свабоду» атрымаў адказ ад мінскіх уладаў на ліст з шэрагам прапановаў дзеля паляпшэння жыццядзейнасці сталіцы, якія былі складзены па выніках адмысловага круглага стала «Народнай праграмы».

У адказе Мінгарвыканкаму ад імя намесніка старшыні Віктара Лапцева датычна прапановаў паведамляецца «аб намеры па магчымасці ўлічыць іх у сваёй дзейнасці».

Нагадаем, заступіўшы на пасаду старшыні Мінгарвыканкаму пры канцы мінулага году, Андрэй Шорац у звароце да жыхароў сталіцы сказаў: «Мы гатовыя разгледзець любыя прапановы, якія зробяць горад больш прыгожым, больш багатым і камфортным».

Удзел у круглым стале «Народная праграма» для Мінска, падчас якога былі выпрацаваны прапановы, частку якіх Рух «за Свабоду» даслаў сталічным уладам, узялі: эканаміст Зміцер Бабіцкі (займаецца пытаннямі транспарту і лагістыкі), лідар ініцыятывы «Еўрапейская перспектыва» Віктар Янчурэвіч (вырашэнне лакальных праблем у горадзе), старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч (захаванне гістарычнай спадчыны), былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Навасяд (ЖКГ і абарона правоў спажыўцоў), стрыт-арт-актывіст Алег Ларычаў (мастацкія акцыі і гарадская прастора).

Сярод іншага, напрыклад, было прапанавана прыцягнуць да адказнасці вінаватых у незаконным будаўніцтве гатэля «Кэмпінскі». «Абавязковай умовай узвядзення аб’екта з’яўлялася аднаўленне гістарычнага помніка — электрастанцыі на новым месцы. Аднак захаваць паспелі толькі галоўны фасад, потым паступіла ўказанне знасіць. Зараз мы рыхтуем матэрыялы справы, адным з фігурантам якой будзе былы старшыня Мінгарвыканкаму Мікалай Ладуцька», — патлумачыў на круглым стале Антон Астаповіч.

Яшчэ што тычыцца архітэктуры і будаўніцтва, мінскім уладам прапанавана вярнуцца да распрацаванага некалькі год таму праекта рэгенерацыі гістарычнага цэнтра горада. Так, гаворка вядзецца пра ўладкаванне пешаходнай зоны на вуліцах Рэвалюцыйная і Камсамольская і стварэнне падземнага паркінгу на 600 машын пад Кастрычніцкай плошчай.

Сярод іншых прапановаў «Народнай праграмы» для Мінска«:

Каб забяспечыць большую прывабнасць грамадскага транспарту, неабходна павялічыць ягоную хуткасць хаця б да 25 кмг праз вылучэнне асобных палос

Больш шырока выкарыстоўваць электронныя табло на прыпынках грамадскага транспарту, якія павінны паказваць рэальны, а не паводле графіку часавы інтэрвал руху

Стварыць агульны рэестр плошчаў Мінска, якія не выкарыстоўваюцца і могуць быць аддадзеныя пад разнастайныя формы гарадской актыўнасці

Уважаць за вырашальнае меркаванне жыхароў горада ў справе прыняцця рашэнняў па рэзанансных і правакуючых сацыяльную напружанасць праектах. Дыялогавай пляцоўкай можа стаць Грамадска-кансультатыўная рада пры Мінгарвыканкаме

Прапанову аб стварэнні такой рады мінскія чыноўнікі палічылі «непрымальнай».

Тлумачэнне такое: «Мінскі гарвыканкам, адміністрацыі раёнаў г. Мінска ажыццяўляюць сваю дзейнасць у адпаведнасці з заканадаўствам, перш за ўсё аб мясцовым кіраванні і самакіраванні», таксама «дзейнічае Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў, які з’яўляецца прадстаўнічым дзяржаўным органам, што вырашае пытанні мясцовага значэння зыходзячы з інтарэсаў насельніцтва і агульнадзяржаўных інтарэсаў, і ўдзельнічае ў абмеркаванні пытанняў рэспубліканскага значэння, якія закранаюць інтарэсы сталіцы». Акрамя таго, маўляў, «дзейнічае Мінскі гарадскі каардынацыйны савет палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, які аб’ядноўвае найбольш шматлікія і актыўныя грамадска-палітычныя структуры сталіцы».

Пры гэтым мінскія ўлады ўпікнулі нашу арганізацыю за тое, што нібыта «статут Руху, у тым ліку мэты, задачы, прадмет і метады дзейнасці, не прадугледжвае правядзенне такіх мерапрыемстваў, як цыкл семінараў „Народная праграма“ па выпрацоўцы планаў рэформаў у розных сферах».

Даводзіцца канстатаваць, што мінскія чыноўнікі няўважліва вывучылі статут Руху «За Свабоду», у якім адной з мэтай пазначана «садзейнічанне пабудове грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы», а ў якасці адной з задач — «арганізацыя і правядзенне сустрэч, лекцый, семінараў, трэнінгаў, выставаў, прэзентацый, конкурсаў, фестываляў і канцэртаў, канферэнцый, сімпозіумаў, у тым ліку і міжнародных».

Прапановы ж, дасланыя мінскім уладам, якраз з’яўляюцца «садзейнічаннем пабудове грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы»

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Народная праграма

Апошнія навіны