Навіны Навіны Беларусі

Кангрэсу дэмсіл ня будзе. Не дамовіліся

Кангрэсу дэмсіл ня будзе. Не дамовіліся

1765 Праглядаў
Апазыцыйныя структуры зноў не змаглі дасягнуць дамоўленасьці аб правядзеньні кангрэсу дэмакратычных сіл, на якім плянавалася вылучыць адзінага кандыдата ў прэзыдэнты.

Пытаньне аб правядзеньні кангрэсу абмяркоўвалася 8 красавіка на сустрэчы прадстаўнікоў сямі апазыцыйных структур: Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), руху «За свабоду», кампаніі «Гавары праўду», Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП), аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» (БХД) і Партыі БНФ, паведамляе Радыё «Свабода».

«Я магу толькі канстатаваць як факт, што была прапанова Ўладзіміра Някляева правесьці кангрэс бяз збору подпісаў за вылучэньне яго дэлегатаў, — паведаміў лідэр АГП Анатоль Лябедзька. — Сёньня пяць структураў выказаліся за гэтую прапанову, дзьве структуры гэта не падтрымалі. Паводле нашага ўнутранага рэглямэнту рашэньне не прынята. Не падтрымалі прапанову Някляева кампанія „Гавары праўду“ і Партыя БНФ».

Яшчэ некалькі ўдзельнікаў сустрэчы — сустаршыня БХД Павал Севярынец, які год таму выступіў з ініцыятывай правядзеньня кангрэсу дэмсіл, і першы намесьнік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч — ад камэнтароў наконт сёньняшняга пасяджэньня «сямёркі» ўстрымліваюцца.

Губарэвіч толькі адзначыў: «Нічога новага, што было б у параўнаньні з учарашнім днём або на канец мінулага году, не адбылося. Рух „За свабоду“ ўжо адлюстроўваў у сваёй заяве, што апазыцыя ня можа дамовіцца. Сёньня былі розныя тэмы для абмеркаваньня. Адзінае — мы вырашылі не камэнтаваць вынікі сёньняшняга пасяджэньня, бо яно насіла рабочы характар».

Адзначым, што на сёньняшні дзень фактычна заяўлена аб двух прэтэндэнтах на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году ад апазыцыі — гэта Анатоль Лябедзька, рашэньне аб якім было прынята на зьезьдзе АГП яшчэ ў траўні 2014 году, і актывістка руху «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч.

Пры гэтым «Гавары праўду» прапануе вылучыць свайго прадстаўніка кандыдатам у прэзыдэнты ад ініцыятывы «Народны рэфэрэндум» (аб’ядноўвае «Гавары праўду», БСДП (Грамада), Партыю БНФ і рух «За свабоду»). Рашэньне падтрымаць кандыдатуру Караткевіч ужо прыняла палітычная камісія Партыі БНФ.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны