Навіны Аналітыка

Крэмль просяць спыніць махавік рэпрэсій у Беларусі

Крэмль просяць спыніць махавік рэпрэсій у Беларусі

3295 Праглядаў
Прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў атрымаў зварот сваякоў беларускіх палітзняволеных.

Ён быў перададзены яму праз расійскае пасольства ў Мінску, прычым з жонкамі Аляксея Міхалевіча, Дзмітрыя Бандарэнкі і Мікалая Статкевіча сустрэўся асабіста пасол Аляксандр Сурыкаў. Дасюль расійскія ўлады пазбягалі публічных сустрэч з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі, што адкрыта апаніруюць Аляксандру Лукашэнку.

Як паведаміла БелаПАН Мілана Міхалевіч, «падчас гутаркі пасол некалькі разоў паўтарыў фразу аб тым, што ўлада павінна быць велікадушнай і міласэрнай да сваіх грамадзян. Ён таксама адзначыў, што ў пытанні вызвалення людзей пазіцыя Расіі супадае з еўрапейскай пазіцыяй».

Ліст падпісалі Ала Саннікава, Вольга Бандарэнка, Уладзімір Халіп, Люцына Бяльзацкая, Дар’я Корсак (Атрошчанкава), Надзея Радзіна, Ульяна Кобец, Уладзімір Палажанка, Марына Адамовіч (жонка Статкевіча), Мілана і Алена Міхалевіч, Зоя Яўменава, Марына Фядута.

Напісанне ліста ў Крэмль, які ў лепшым выпадку трымае рэжым кіраванай дэмакратыі, тлумачыцца тым, што сваякі рэпрэсаваных намагаюцца выкарыстаць любыя магчымасці дзеля іх вызвалення: «Мы гатовыя зрабіць усё, каб хоць трохі аблегчыць тыя несправядлівыя пакуты, якія выпалі на долю нашых мужоў, жонак, бацькоў і дзяцей».

Да ўсяго апошнім часам Дзмітрый Мядзведзеў асабіста некалькі разоў выказваўся наконт поствыбарных рэпрэсій у Беларусі.

Так, на сустрэчы з праваабаронцамі ён заявіў, што даручыў расійскаму МЗС улічваць у сваёй пазіцыі меркаванне праваабаронцаў аб падзеях у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў: «Магу вам сказаць прама і хачу, каб усе нашы беларускія сябры, у шырокім сэнсе гэтага слова, ведалі пра маю пазіцыю. Мяне таксама здзіўляе тое, што там адбылося, і я даў даручэнне, каб на тыя аргументы, якія вы прыводзіце ў сваім звароце, звярнула ўвагу Міністэрства замежных спраў пры выпрацоўцы дыпламатычнай пазіцыі Расійскай Федэрацыі ў цэлым».

Але пакуль Масква не можа дамагчыся вызвалення з СІЗА ГУУС Мінгарвыканкаму хоць бы двух сваіх грамадзян, што фігуруюць як абвінавачаныя па крымінальный справе па нібыта масавых беспарадках 19 снежня.

Ліст сваякоў беларускіх апазіцыянераў да Мядзведзева і нейкая, дастаткова верагодная, публічная рэакцыя расійскага прэзідэнта і тамтэйшых СМІ на яго могуць быць скарыстаны для вызвалення расійскіх грамадзян, як чарговы элемент інфармацыйнай вайны з Мінскам — напрыклад, для імітацыі супольнай пазіцыі з Захадам што да праблемы правоў чалавека ў Беларусі, каб дадаткова націснуць на Лукашэнку ў прасоўванні сваіх інтарэсаў, перш за ўсё эканамічных.

Нарэшце, для ўнутранага піяру на карысць расійскага прэзідэнта, якога ў лісце сваякоў палітзняволеных просяць «зрабіць усё магчымае, каб абразуміць беларускія ўлады, якія запусцілі махавік рэпрэсій, які сёння перамолвае лёсы тысяч людзей у Беларусі».

«Як прэзідэнт Расіі вы не станеце заплюшчваць вочы на беззаконне і гвалт у суседняй краіне», — спадзяюцца падпісанты звароту да кіраўніка Расіі, якая, нагадаем, прызнала афіцыйныя вынікі сумнеўных прззідэнцкіх выбараў 19 снежня.

Аўтар: Андрэй Калмiцкi

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны