Навіны Аналітыка

Працоўныя «Атланта» — пра вынікі прыватызацыі завода

Працоўныя «Атланта» — пра вынікі прыватызацыі завода

2521 прагляд Мінск
Рух «За Свабоду» прадстаўляе відэаапытанне працоўных мінскага завода лядоўняў «Атлант», якія паразважалі пра тое, ці стала ні іхнім прадпрыемстве лепей пасля прыватызацыі. Большасць рэспандэнтаў пазітыву не адзначылі.

Гэты ролік – з шэрагу відэаапытанняў працоўных каля прахадных некалькіх беларускіх прадпрыемстваў, на адныя з якіх у свой час прыйшоў інвестар, а іншыя дасюль знаходзяцца цалкам у руках дзяржавы.

Ужо былі прадстаўлены меркаванні простых рабочых Трактарнага завода ў сталіцы, 100% якога належаць дзяржаве.

У працоўных МТЗ запыталіся пра тое, як яны ставяцца да верагоднай прыватызацыі. Шмат хто спадзяецца, што гэта прынясе станоўчыя перамены, бо з’явіцца руплівы гаспадар, а цяпер завод перабывае ў заняпадзе.

Чэкавая прыватызацыя: як меркавалася і як сталася?

Гэтыя відэаапытанні праведзены ў межах супрацоўніцтва "Паглыблены дыялог" адзінаццаці палітычных партый і арганізацый, якія спрабуюць сярод іншага выпрацаваць адзіныя падыходы да прыватызацыі ў Беларусі.

Па гэтай спасылцы можна паглядзець, як самі апазіцыйныя партыі і арганізацыі бачаць гэты працэс – напрыклад, які інвестар прыярытэтны (еўрапейскі, азіяцкі, расійскі) і ці павінна дзяржава захоўваць долю ў прадпрыемствах, якія будуць прыватызаваныя.

Як можна бачыць у відэаапытанцы працоўных “Атланту”, яны не дужа цешацца з таго, што іхні завод прыватызаваны. Чаму так?

Эксперты па пытаннях прыватызацыі “Паглыбленага дыялогу” адзначаюць, што на заводзе лядоўняў яна была чэкавай – непаўнавартаснай і са значным умяшаннем дзяржавы на розных этапах гэтага працэсу.

Нягледзячы на тое што больш за 30% імянных прыватызацыйных чэкаў "Маёмасць" да гэтага часу так і не былі абменены на акцыі беларускіх прадпрыемстваў, вынікі чэкавай прыватызацыі ў Беларусі можна падводзіць ўжо сёння.

Беларускія прыватызацыйныя чэкі выдаваліся на імя канкрэтнага атрымальніка, і іх колькасць залежала ад узросту і сацыяльнага статусу грамадзяніна. Фармат імянных прыватызацыйных чэкаў быў абраны невыпадкова. Такая форма прыватызацыі давала беларускім грамадзянам рэальную магчымасцю стаць уласнікамі дзяржаўнай уласнасці і адпавядала грамадскім уяўленням аб сацыяльнай справядлівасці.

Меркавалася, што ў працэсе прыватызацыі ў рукі беларускіх грамадзян пяройдзе дзве траціны наяўнай дзяржаўнай уласнасці. Усе падлягаючыя прыватызацыі фонды дзяліліся на дзве роўныя долі і прыватызаваліся як за чэкі, так і за грошы. Пры гэтым магчымасць удзелу ў прыватызацыі замежнага інвестара зводзілася да мінімуму.

Прадастаўленне магчымасці куплі-продажу акцый касавала небяспеку празмернага распылення ўласнасці. Аднак продаж патрабаваў захавання пэўнай працэдуры, што павінна было прадухіліць іх масавую скупку за бясцэнак.

 

 

Намінальны кошт імяннога прыватызацыйнага чэка вызначаўся прапарцыйна агульнай цане дзяржаўнай маёмасці, якая падлягае прыватызацыі. Кошт чэка "Маёмасць" не індэксаваўся ўжо 10 гадоў і складае сёння ўсяго 4400 рублёў. Тэрмін абарачэння чэкаў "Маёмасць" быў у чарговы раз падоўжаны да 30 чэрвеня 2016 году. Лагічна выказаць здагадку, што да гэтага тэрміну не варта чакаць пераацэнкі намінальнага кошту чэка.

Пры гэтым магчымасць абмену прыватызацыйных чэкаў на акцыі асобных прадпрыемстваў існуе да гэтага часу. Прычым большасць прадпрыемстваў з'яўляецца вельмі паспяховымі. У прыватнасці, усе 12 таварыстваў, акцыі якіх знаходзяцца ў рэспубліканскай уласнасці, па выніках 2013 году былі прыбытковымі і толькі 2 з іх не налічылі дывідэндаў сваім акцыянерам. Парадаксальнасць сітуацыі складаецца ў тым, што часцяком гадавы памер дывідэндаў, якія прыходзяцца на адну акцыю дадзеных прадпрыемстваў, перавышае намінальны кошт чэкаў, неабходных для абмену на акцыю.

Усё гэта сведчыць аб тым, што патэнцыял чэкавай прыватызацыі ў Беларусі ўжо практычна вычарпаны. Неспадзяванка сітуацыі заключаецца ў тым, што рана ці позна, але дзяржава вымушана будзе прызнаць, што частка насельніцтва не атрымала належную ёй долю дзяржаўнай уласнасці.

З пачатку 2011 году здавалася, што працэс чэкавай прыватызацыі увайшоў у завяршальную фазу. Шляхам паэтапных зменаў быў канчаткова адменены мараторый на куплю-продаж ільготных акцый. Для некаторых мажарытарных акцыянераў гэта паслужыла сігналам да павелічэння долі ў акцыянерных таварыствах, каб паўнавартасна адчуць сябе ўласнікамі гэтых арганізацый. Уласна кажучы, менавіта неабходнасць дадзенага працэсу і прымалася пад увагу пры распрацоўцы канцэпцыі чэкавай прыватызацыі. Здавалася, што зараз мэта паступова пераходу савецкай спадчыны ў рукі эфектыўных уласнікаў будзе дасягнута.

Аднак вельмі хутка беларускае кіраўніцтва дало зразумець, што прытрымліваецца іншага пункту гледжання на гэты конт. Таму 14 сакавіка 2011 году А.Лукашэнка падпісаў указ № 107, якім абмежаваў свабоднае абарачэнне акцый. Шэраг акцыянерных таварыстваў быў аднесены ў разрад стратэгічна значных, у сувязі з чым прыярытэтнае права на куплю гэтых акцый атрымалі аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам. Сутнасць яго складалася ў тым, што патэнцыйны інвестар мае права набыць акцыі ў мінарытарнага акцыянера толькі ў тым выпадку, калі іх не купяць мясцовыя органы ўлады на працягу 90 каляндарных дзён. На перспектыве ўзбуйнення пакета акцый мажарытарных акцыянераў зноў быў пастаўлены крыж.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны