Навіны Аналітыка

Як правільна правесьці прыватызацыю?

Як правільна правесьці прыватызацыю?

1808 Праглядаў
Рух «За Свабоду» параўнаў, як прыватызацыю бачаць апазыцыйныя партыі, а як — рабочыя дзяржаўных прадпрыемстваў.

Усе беларускія дэмакратычныя партыі й рухі пазытыўна адносяцца да прыватызацыі і жадаюць прыцягнуць інвэстараў з Эўрапейскага зьвязу. Простыя беларусы прыватызацыі не баяцца, аднак хочуць, каб яна прайшла справядліва. Рух «За Свабоду» правёў сацыялягічнае дасьледаваньне, каб высьветліць, як рэформы беларускай эканомікі бачаць палітычныя актывісты і звычайныя людзі. Якой прыватызацыі хоча апазыцыя? Ці ёсьць у партыяў праграмы рэформаў?

11 палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў спрабуюць выпрацаваць супольны падыход да прыватызацыі ў Беларусі. Рух «За Свабоду» правёў апытаньне, каб высьветліць, як палітыкі і грамадзяне ставяцца да прыватызацыі зямлі, лясоў і заводаў, а таксама адкуль чакаюць прыходу інвэстыцыяў. Былі апытаныя як правыя, так і левыя партыі, а таксама працаўнікі заводаў, якія прайшлі працэдуру акцыянаваньня і могуць быць у бліжэйшы час прыватызаваныя. Вынікі дасьледаваньня можна ўбачыць на сайце Руху «За Свабоду».

Зразумела, пазыцыі партыяў па прыватызацыі адрозьніваюцца, але як левыя, так і правыя лічаць, што перадача заводаў у прыватныя рукі дасьць штуршок беларускай эканоміцы. Пра гэта кажа ў інтэрв’ю Польскаму радыё для Беларусі намесьнік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч:

— У цэлым стаўленьне да прыватызацыі ў апазыцыйных структураў пазытыўнае. Яны лічаць, што цяперашняя сытуацыя, калі большасьць прадпрыемстваў знаходзіцца ў руках дзяржавы, павінна мяняцца. У асобных партыяў ёсьць праграмы па прыватызацыі. Аднак поле для працы застаецца таму, што пытаньне прыватызацыі зямлі выклікае рознагалосьсі.

Калі казаць пра інвэстараў, якія маглі б набыць нашыя прадпрыемствы, ўсе партыі і рухі аддаюць перавагу капіталу з Эўрапейскага зьвязу. Ёсьць пэўны недавер і скепсіс у пытаньні допуску на наш рынак інвэстараў з Расеі альбо азіяцкага рэгіёну.

Як ня дзіўна, стаўленьне працаўнікоў буйных беларускіх прадпрыемстваў да прыватызацыі таксама можна назваць пазытыўным. Аднак рабочыя хочуць, каб прыватызацыя «была справядлівай»:

— Яўных перасьцярогаў перад прыватызацыяй няма. Адзінае пытаньне — гэта справядлівасьць. Працоўныя лічаць, што іх не павінны выкідваць з працы, што прыватызацыя мусіць праводзіцца не для аднабаковага ўзбагачэньня новых уласьнікаў, а для мадэрнізацыі прадпрыемстваў і павышэньня эфэктыўнасьці працы. Яна павінна павялічваць даходы ўласьнікаў і прыносіць добрыя заробкі працаўнікам.

Уладныя СМІ і кіраўніцтва Беларусі пастаянна абвінавачваюць сваіх апанэнтаў у тым, што ў іх няма праграмы эканамічных рэформаў. Праекты рэформаў палітычныя партыі ды аналітычныя цэнтры прапануюць на працягу больш як 10 гадоў. Больш за тое, шматлікія рэкамэндацыі выкарыстоўваюць самі ўлады, — кажа сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі эканаміст Леў Марголін:

— Зараз у нас ёсьць і антыкрызысная праграма, і праграма «Мільён новых працоўных месцаў», і праграма «Новы эканамічны курс». Мы маем выразны погляд на прыватызацыю. Нас у адсутнасьці эканамічных плянаў абвінавачваць нельга.

Рух «За Свабоду» на працягу ўжо чатырох гадоў распрацоўвае прапановы рэформаў пад назвай «Народная праграма» — кажа намесьнік старшыні руху палітоляг Алесь Лагвінец. Але ці знойдзецца ў дэмакратаў каманда рэфарматараў? Так — станоўча заяўляе экспэрт:

— Гэтыя людзі ёсьць і ў беларускіх міністэрствах, і ў незалежных беларускіх аналітычных цэнтрах, і ў іншых арганізацыях. Шмат хто з гэтых людзей мае вельмі грунтоўную, у тым ліку й замежную, адукацыю. Усе гэтыя экспэрты разумеюць, наколькі дрэнны стан беларускай эканомікі сёньня.

Чаму ж тады ў грамадзтве пашыраная думка пра тое, што дэмакратычным сілам няма чаго прапанаваць народу? Гэты міт прапагандуецца ўладамі, а апазыцыянэры ня маюць доступу да тэлебачаньня — кажа Леў Марголін. Ёсьць яшчэ адна прычына: апазыцыйныя партыі й рухі не агучваюць плянаў рэформаў, бо большасьць беларусаў рынкавых рэформаў баіцца — кажа палітоляг Валер Карбалевіч:

— Кажучы, што пасьля прыходу да ўлады мы яшчэ больш будзем падтрымліваць сацыяльныя спадзяваньні насельніцтва, мы наўрад ці пераплюнем Лукашэнку. Прапанаваць рынкавую альтэрнатыву таксама няпроста, бо большая частка насельніцтва перакананая, што рынкавыя рэформы будуць цяжкімі. Таму апазыцыйныя партыі спрабуюць балянсаваць паміж неабходнасьцю рэальных рынкавых рэформаў і спробамі спадабацца электарату.

Дэмакратычныя партыі й рухі працягнуць абмярковаць шляхі рэформаў у рамках праграмы «Паглыблены дыялёг». Намесьнік кіраўніка Руху За свабоду Юрась Губарэвіч спадзяецца, што дакумэнт, дзе будзе прадстаўлена супольная праграма прыватызацыі, апазыцыянэры распрацуюць празь некалькі месяцаў — напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны