«Грамадскія актывісты збіраюць у Бярозаўцы подпісы за «Народны рэферэндум» не першы месяц», - распавёў Pyx.by каардынатар Руху «За Свабоду» па Гродзенскай вобласці Сяргей Трафімчык.
Па ягоных словах, першапачаткова ніякіх праблемаў не было. «Але цяпер людзі, якія падпісваліся, сталі наракаць: «Дарэмна я падпісаўся, кажуць, што гэта за тое, каб у нас як ва Ўкраіне была вайна і гармідар», - адзначыў актывіст Руху.
Ён лічыць, што такія чуткі распаўсюджваюцца для супрацьдзеяння кампаніі. «Як толькі з'явіліся такія чуткі, мы правялі інфармацыйную кампанію, распаўсюдзілі інфармацыйныя буклеты», - падкрэсліў Сяргей Трафімчык.
Ён падкрэсліў: «Мы будзем і надалей збіраць подпісы».
«Улады разумеюць, што актывісты «Народнага рэферэндуму», збіраючы подпісы, дзейнічаюць цалкам у легальным полі, - пракаментаваў сітуацыю першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч. - І адзіным спосабам перашкодзіць іх працы, ёсць той, што яны ведаюць яшчэ з савецкіх часоў, - сказіць і дыскрэдытаваць саму ідэю”.
Ён падкрэсліў, што адзіная нашая зброя ў такой сітуацыі – галоснасць, збор подпісаў і сустрэчы з жыхарамі Беларусі.
#рэферэндум