Навіны Навіны Руху

«Мы верым у мудрасць і адказнасць беларусаў»

«Мы верым у мудрасць і адказнасць беларусаў»

2065 Праглядаў
Рух «За «Свабоду» віншуе суайчыннікаў з Новым годам і Калядамі. Нашыя зычанні ў 2015-м гэткія.

"Дарагія суйачыннікі! Шаноўныя сябры!

Рух «За Свабоду» шчыра віншуе з Калядамі і Новым годам. Гэтыя святы заўсёды дораць нам надзею на шчасце, нясуць радасць новага, дазваляюць асэнсаваць падзеі і выклікі, што спадарожнічалі нашаму жыццю.

2014 год быў нялёгкім для нашай Беларусі.

З аднаго боку, вырасла новае пакаленне нашых грамадзянаў, якой не спазнала савецкіх жудасцяў, двурушнасці і застою. Усё больш і больш беларусаў пачынаюць ганарыцца нашай Айчынай, шанаваць яе мову і гісторыю. Наша краіна гасцінна правяла чэмпіянат па хакеі, нашы спартоўцы адзначыліся выдатнымі алімпійскімі перамогамі.

З іншага боку, нашы бяспека і дабрабыт, мір і стабільнасць у нашым рэгіёне знаходзяцца пад найвялікшай пагрозай за ўсё 25 год незалежнага існавання Беларусі. Мы ўсе сталі сведкамі агрэсіі супраць братняй нам Украіны. Якраз напярэдадні калядных святаў ўсе беларусы яшчэ раз пераканаліся, наколькі ілюзорнай, непраўдзівай і цынічнай была казка пра стабільнасць “сацыяльна-эканамічнай мадэлі”, якая завяла Беларусь у тупік і спарадзіла крызіс. Людзі пачалі вельмі яскрава ўсведамляць усю небяспеку аднабаковай і заганнай скіраванасці на ўсход. У нашай Беларусі ўлады па-ранейшаму трымаюць за кратамі нявінных людзей, душаць свабоду слова, блакуюць сайты і фальсіфікуюць вынікі выбараў.

Надыходзячы 2015 год будзе вельмі важным для Беларусі. Ён нясе свае выклікі і рызыкі. Але хочацца спадзявацца, што кожнаму з нас ён прынясе свой кавалачак цяпла і свой прамень сонца.

Наша кампанія “Народны рэферэндум” дае падставы для асцярожнага аптымізму: беларусы прагнуць мірных зменаў да лепшага, яны хочуць вярнуць назад свой сапраўдны суверэнітэт і шанец на годнае жыццё.

Мы верым у мудрасць і адказнасць беларусаў. Зробім жа ўсё, каб 2015 год даў большую надзею кожнай беларускай сям’і, каб свабода, шчырасць, праўда і справядлівасць запанавалі ў нашай краіне, а скруха, мана ды хцівасць засталіся толькі гістарычным урокам, каб больш ніколі не губляць пільнасць і заўсёды быць гатовым бараніць сваю чалавечую і нацыянальную годнасць ды выбіраць натуральны для нас еўрапейскі шлях развіцця.

Жадаем моцнага здароўя, шчасця, упэўненасці ў сваіх сілах і аптымізму. Хай з Вамі побач заўсёды будуць Вашы родныя, а ў Вашых дамах пануе дабрабыт, любоў і мір. Хай гэтак жа будзе і ў нашым агульным доме - Беларусі.

З самымі цёплымі і найлепшымі пажаданнямі ўсім беларусам добрай волі!

Жыве Беларусь!"

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны