Навіны Навіны Беларусі

Прадстаўнікі дэмсіл Беларусі патрабуюць спыніць інтэрнэт-цэнзуру

Прадстаўнікі дэмсіл Беларусі патрабуюць спыніць інтэрнэт-цэнзуру

1672 праглядаў
Заяву з патрабаваннем да беларускіх уладаў спыніць інтэрнэт-цэнзуру ў Беларусі падпісалі 23 снежня прадстаўнікі шэсці палітычных сілаў Беларусі, у тым ліку Руху «За Свабоду».

Заяву падпісалі на сумесным пасяджэнні ў Мінску сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі, старшыня руху "Гавары праўду" Уладзімір Някляеў, намеснік старшыні грамадскага аб`яднання "Рух "За Свабоду" Юрый Губарэвіч, старшыня Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард.

"З 19 снежня беспадстаўна заблакаваныя найбольш папулярныя незалежныя інфармацыйныя інтэрнэт-рэсурсы ў Рэспубліцы Беларусь. Большасць з іх застаецца недаступнай на тэрыторыі краіны па сённяшні дзень. У прыватнасці, без тлумачэння прычын быў заблакаваны доступ да сайтаў belapan.com, belapan.by, naviny.by, charter97.org, belaruspartisan.org, udf.by, 21.by, gazetaby.com, zautra.by, racyja.com", — гаворыцца ў заяве.

Як лічаць падпісанты, "распачатыя 19 снежня 2014 года рэпрэсіі супраць незалежных СМІ параўнальныя з рэпрэсіямі 19 снежня 2010 года супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі". "За адзін дзень Беларусь па ўзроўні свабоды інтэрнэту апусцілася да ўзроўню Кітая, Ірана, Кубы", — цытуе дакумант БелаПАН.

Прадстаўнікі дэмсілаў заяўляюць аб "парушэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, сусветна прынятых норм правоў чалавека і дзеючага заканадаўства Беларусі".

Аўтары заявы канстатуюць, што "ўзнаўленне палітычных кантактаў з беларускім рэжымам заходніх палітыкаў, якія адбываліся апошнія месяцы, на жаль, не прывяло да паляпшэння сітуацыі ў Беларусі, але было ўспрынята як маўклівая згода на далейшае ўзмацненне рэпрэсій супраць дэмакратычнага грамадства, супраць беларускага народа".

"Мы заклікаем міжнародную супольнасць не ісці насустрач рэжыму, які абвяргае базавыя еўрапейскія каштоўнасці, і заклікаем да адэкватнай рэакцыі з боку міжнароднай супольнасці, міжнародных праваабарончых арганізацый, міжнароднай журналісцкай супольнасці, — гаворыцца ў сумеснай заяве. — Мы патрабуем ад беларускіх уладаў вярнуць свабоду інтэрнэту ў Беларусі. Заклікаем усе праваабарончыя арганізацыі, урады дэмакратычных краін Еўропы звярнуць увагу на чарговы ўдар па свабодзе слова ў Беларусі і падтрымаць беларускіх журналістаў".

Прадстаўнікі дэмсіл таксама заклікалі "усіх, каму неабыякавы лёс Беларусі, як унутры краіны, так і за яе межамі, аб`яднацца для абароны беларускіх незалежных СМІ".

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны