Навіны Аналітыка

Эксперт: Мы назіраем пачатак сур’ёзнага крызісу

Эксперт: Мы назіраем пачатак сур’ёзнага крызісу

3181 прагляд
Нават распрацоўнікі пяцігодак не вераць у выкананне запланаваных задачаў.

Доктар эканамічных навук Барыс Жаліба каментуе сумневы старшыні Нацбанку Пятра Пракаповіча датычна выканання праграмы пяцігодкі. Новы прэм’ер Міхаіл Мясніковіч «вырашыў перагледзець запланаваныя лічбы, і цяпер мы бачым проста больш рэалістычныя паказнікі. Трэба нагадаць, што цяпер мы маем рэкорд адмоўнага сальда — гэта $ 10 млрд ЗША. Першапачаткова планавалася, што цягам трох гадоў Беларусь выйдзе на дадатнае гандлёвае сальда. Але ніхто з сур’ёзных эканамістаў у гэта не паверыў. Гэта зусім нерэальна, думаю, што і распрацоўнікі такіх планаў не вераць у падобны эфект», упэўнены Барыс Жаліба.

Сёння цалкам зразумела, што гэта былі толькі перадвыбарчыя абяцанні. Аднак, паводле эканаміста, Беларусь мае шанцы на паляпшэнне сітуацыі: у выпадку спрыяльных цэнаў на нафтапрадукты і калійныя ўгнаенні ды ўдалых продажаў некаторых флагманаў нашае прамысловасці.

Не дадае аптымізму і сітуацыя з золатавалютнымі рэзервамі краіны, якія зменшыліся амаль на 14%. Паводле кіраўніцтва інфармацыі Нацыянальнага банку, такое зніжэнне золатавалютных рэзерваў — характэрная для студзеня з’ява, нягледзячы на тое, што сёлетні спад у некалькі разоў большы за аналагічныя перыяды папярэдніх гадоў.

«Адназначна — гэта ненатуральна, нават для пачатку года. Перадусім параўноўваючы з папярэднімі гадамі. Прычынаў некалькі — эканамічны ціск Расеі ды незадаволены попыт на валюту юрыдычных асобаў. Галоўныя пакупнікі валюты — гэта ўсё ж такі прадпрыемствы. А нашыя прадпрыемствы набываюць гэта за мяжой: і абсталяванне, і дэталі, і матэрыялы. Калі пазбавіць іх такой магчымасці, вытворчасць можа проста спыніцца», — упэўнены Барыс Жаліба.

У выніку прагноз на найбліжэйшыя гады далёкі ад аптымізму. «Мы назіраем пачатак сур’ёзнага крызісу, — заявіў на канале „Белсат“ эканаміст. — Давайце так паразважаем: нашае Міністэрства фінансаў усё ж такі размясціла чарговую пазыку 800 млн аблігацыяў. Я не ведаю, ці паступілі гэтыя 800 млн. Калі паступілі, то становішча выглядае яшчэ больш крытычна. Дадаць да гэтага тыя 687 млн адмоўнага сальда, і атрымліваецца, што мы за месяц праелі больш за мільярд даляраў! Нават калі яны яшчэ не паступілі, то становішча застаецца крытычным. Калі летась мы атрымлівалі траншы за акцыі „Белтрансгазу“, то цяпер такіх крыніцаў няма».

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны