Навіны Навіны Беларусі

Кампанія «Народны рэферэндум» да канца году збярэ 100 тысяч подпісаў

Кампанія «Народны рэферэндум» да канца году збярэ 100 тысяч подпісаў

2992 праглядаў Гродна
Да канца году плануецца сабраць сто тысяч подпісаў грамадзян у падтрымку «Народнага рэферэндуму», заявіў адзін з каардынатараў кампаніі, першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

На сёння, па яго словах, сабрана 70 тысяч. З іх 50 тысяч 2 кастрычніка, у першы дзень восеньскай сесіі Палаты прадстаўнікоў, былі перададзеныя дэпутатам парламента.

Подпісы суправадзіў зварот да кожнага з іх ініцыяваць правядзенне рэферэндуму па шасці пытаннях – ад сацыяльных да палітычных.

Пра план сабраць да канца 2014 году 100 тысяч подпісаў Юрась Губарэвіч заявіў сёння, 30 лістапада на грамадскіх слуханнях у Гродне, прысвечаных пытанню забеспячэння рэальнага нейтральнага статусу нашай краіны.

Па выніках слуханняў кампанія “Народны рэферэндум” перадасць падрыхтаваныя ваеннымі экспертамі рэкамендацыі па ўдасканаленні сістэмы нацыянальнай бяспекі ў адпаведныя ведамствы. Так, як былі перададзеныя прадстаўнікам органаў улады прапановы па рэформах у галінах адукацыі і медыцыны, складзеныя па выніках грамадскіх слуханняў па гэтых тэмах.

Ініцыятары “Народнага рэферэндуму” сустрэліся ўжо з 25 дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. “Мы працягнем ціск на дэпутатаў. Маем за мэту правесці сустрэчы з усімі, - заявіў Юрась Губарэвіч. – Разам з тым мы давядзём да выбарцаў, якую пазіцыю па пытанні ініцыявання рэферэндуму паводле волі народа заняў кожны “народны абраннік”.

Нагадаем, на “Народны рэферэндум” прапанаваныя такія шэсць пытанняў:

♦ Ці згодныя вы, што ў дзяржаўных установах адукацыі і аховы здароўя ўсе паслугі грамадзянам Беларусі павінны аказвацца бясплатна?

♦ Ці згодныя вы, што кіраўнікі выканкамаў гарадоў, раёнаў, абласцей павінны абірацца прамым галасаваннем грамадзян?

♦ Ці падтрымліваеце вы курс на эканамічную інтэграцыю, асацыяцыю і стварэнне бязвізавай прасторы з Еўрапейскім Саюзам?

♦ Ці згодныя вы, што дзеля забеспячэння нейтральнага статусу Беларусі ў краіне павінна быць забаронена размяшчэнне замежных вайсковых аб’ектаў, ядзернай зброі, а беларускія вайскоўцы не мусяць несці службу за мяжой?

♦ Ці згодныя вы, што адна і тая ж асоба не можа займаць пасаду прэзідэнта больш за два тэрміны?

♦ Ці згодныя вы, што грошы, атрыманыя ад запланаванай урадам прыватызацыі, у першую чаргу павінны пайсці на кампенсацыю ўкладаў, згубленых пад час дэвальвацыі-2011, і стварэнне працоўных месцаў?

#рэферэндум

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны