Навіны Навіны Руху

ЕС мусіць адкарэктаваць беларускі спіс неўязных

ЕС мусіць адкарэктаваць беларускі спіс неўязных

2824 праглядаў
Савет Еўрасаюза атрымаў пісьмовы запыт польскага еўрапарламентарыя Марэка Мігальскага, звязаны з аднаўленнем візавых санкцый ЕС у дачыненні да прадстаўнікоў урада Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе Польскае агенцтва друку (PAP).

На думку Мігальскага, спіс ахопленых санкцыямі асоб «утрымлівае шмат недакладнасцей і відавочных істотных памылак».

Еўрапарламентарый звяртае ўвагу членаў Савета ЕС на той факт, што імёны шэрагу чыноўнікаў прыводзяцца ў спісе ў рускай транскрыпцыі. «Беларуская версія прыводзіцца толькі для 35 асоб. У пашпартах, якія выдаюцца ў Беларусі, лацінскім алфавітам пішацца англійская транскрыпцыя беларускай, а не рускай, версіі», — адзначае Мігальскі.

Ён таксама паведамляе, што ў спісе ўказаны «два генеральныя пракуроры і кіраўнікі КДБ» і што «многім асобам прыпісаны функцыі, якія яны выконвалі некалькі гадоў таму».

Акрамя таго, еўрапарламентарый адзначае, што ў спісе апынулася «журналістка газеты „Советская Белоруссия — Беларусь сегодня“ насуперак таму, што пасля падзей 19 снежня яна ў знак пратэсту пакінула працу». Між тым, сама Ганна Шадрына адмаўляе палітычную падаплёку свайго звальнення, зазначае БелаПАН.

«З гэтага вынікае, што кіраўнікі МЗС ЕС, якія з’яўляюцца аўтарамі спіса, не праверылі, ці выконваюць асобы, уключаныя ў спіс з 2006 года, свае функцыі дагэтуль», — робіць выснову Мігальскі.

На яго думку, «памылковая транскрыпцыя імёнаў, што ўваходзяць у спіс, можа аказаць эфект, супрацьлеглы запланаванаму. Большасць асоб са спіса могуць свабодна падарожнічаць у ЕС і суседнія партнёрскія дзяржавы, паколькі іх імёны адрозніваюцца ад тых, што ўказаны ў спісе».

Мігальскі называе такую сітуацыю недапушчальнай і пытаецца ў Савета ЕС, «якія ён мае намер зрабіць крокі, каб выправіць і абнавіць спіс асоб, ахопленых візавымі санкцыямі, і прадухіліць такія памылкі ў будучыні».

31 студзеня 2010 года Савет міністраў замежных спраў ЕС увёў візавыя санкцыі ў дачыненні да шэрагу прадстаўнікоў беларускай дзяржавы. Паведамлялася, што санкцыі ўводзяцца ў дачыненні да 158 чалавек, аднак друкаваныя органы ЕС апублікавалі спіс са 157 прозвішчаў.

У апублікаваным спісе не ўдалося знайсці імя былога міністра спорту і турызму, былога кіраўніка МУС Юрыя Сівакова. ЕС прыняў рашэнне аб забароне выдачы віз Сівакову ў верасні 2004 года ў сувязі з тым, што ён падазраецца ў датычнасці да знікненняў апазіцыйных палітыкаў.

Акрамя таго, адна са службовых асоб, суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Ясіновіч/Ясяновіч, прыводзіцца ў спісе Савета ЕС двойчы ў рознай транскрыпцыі.

У спіс уключаны і былы старшыня Віцебскай абласной выбарчай камісіі Міхаіл Пішчулёнак, які памёр у жніўні 2008 года.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны