Пра гэта паведаміў галоўнакамандуючы Ваенна-паветраных сіл Расіі Віктар Бондараў. Беларускія афіцыйныя асобы нават не лічаць неабходным інфармаваць грамадскасць пра падобныя намеры.
Як высветлілася, ваенны аэрадром у Бабруйску будзе рэканструяваны, расійскія спецыялісты падрыхтавалі ўжо тэхнічнае заданне на правядзенне гэтых работ, растлумачыў Віктар Бондараў, перадае ТАСС.
Яшчэ некалькі знішчальнікаў Су-27, як расказаў усё той жа Віктар Бондараў, размесцяць у Баранавічах, дзе ўжо створана расійская авіябаза. Толькі ці патрэбны нам гэтыя расійскія аты-баты, тым больш што адносіны ўсходняй суседкі з многімі краінамі свету абвастраюцца? Зараз усе, нават партнёры па СНД, наадварот, стараюцца пазбавіцца ад расійскіх вайскоўцаў, піша «Народная воля».
Патэнцыяльная пагроза
Як беларусы ставяцца да прысутнасці ў краіне расійскіх авіябаз?
Гэта спрабавалі даведацца ў простых людзей актывісты кампаніі «Народны рэферэндум».
Актывісты «Народнага рэферэндуму», які ініцыяваны рухам «За Свабоду», кампаніяй «Гавары праўду!», Партыяй БНФ і падтрыманы БСДП (Грамада) і аргкамітэтам па стварэнні Партыі свабоды і прагрэсу, днямі перадалі ў Палату прадстаўнікоў каля 50 тысяч подпісаў у падтрымку неабходнасці правядзення рэферэндуму.
Сярод іншых на магчымы рэферэндум прапануецца вынесці і такое пытанне: «Ці згодны вы, што дзеля забеспячэння нейтральнага статусу Беларусі ў краіне павінна быць забаронена размяшчэнне замежных вайсковых аб’ектаў, ядзернай зброі, а беларускія вайскоўцы не павінны несці службу за мяжой?»
Натуральна, падчас збору подпісаў у актывістаў была магчымасць пачуць ад простых беларусаў іх меркаванні з гэтай нагоды. Якія яны?
— Па гэтай праблеме адчуваецца дынаміка, — кажа намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрась ГУБАРЭВІЧ. — Мы пачалі збор подпісаў яшчэ вясной гэтага года, напярэдадні выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы. І тады большасць людзей наогул не лічыла, што пытанне прысутнасці расійскіх авіябаз у Беларусі вельмі актуальнае для краіны, хоць шмат было і тых, хто прытрымліваўся нейтральнай пазіцыі. Але ў апошнія месяцы мы заўважылі змену настрояў. Усё больш беларусаў разумеюць, што наяўнасць чужых вайсковых баз — гэта патэнцыяльная пагроза для краіны, якую могуць уцягнуць у ваенны канфлікт. Гэтыя назіранні, дарэчы, былі пацверджаны і вынікамі некаторых сацыялагічных апытанняў. Яны паказваюць, што расце колькасць людзей, якія выступаюць супраць прысутнасці расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі.
— А ці шмат было тых, хто выступае за расійскія авіябазы?
— Шчыра скажу, дастаткова. Яны выступаюць не толькі за авіябазы, а наогул за шчыльную інтэграцыю з Расіяй і лічаць, што тут ніякай пагрозы для нас няма. Гэта людзі сталага ўзросту, ваенныя, якія для сябе даўно ўсё вырашылі. Альбо ім у гэтым дапамаглі расійскія тэлеканалы. А вось моладзь, на жаль, расчаравала. Шмат маладых людзей жывуць у сваім свеце лакальных праблем і абсалютна не цікавяцца грамадскімі праблемамі краіны. Хоць, натуральна, назіранні падчас збору подпісаў — гэта не нейкае сацыялагічнае даследаванне. Гэта проста нашы назіранні.
#рэферэндум