Навіны Беларусь і Свет

Аляксандр Мілінкевіч. РОЗГАЛАС. Прабачэнні Еўрасаюзу

Аляксандр Мілінкевіч. РОЗГАЛАС. Прабачэнні Еўрасаюзу

2177 Праглядаў Мінск
Вельмі непрыемна ўразіў каментар старшыні АГП Анатоля Лябедзькі па выніках сустрэчы лідараў апазіцыі з пасламі краінаў Еўрасаюзу, якая адбылася 28 кастрычніка ў Мінску. На мове дыпламатыі — гэта хамства. Разам з тым — і хваравітая, малаадэкватная праява беларускага апазіцыяцэнтрызму. У тым ліку праз гэта мы маргіналізуемся і маем паразы, піша на блоге на Naviny.by старшыня Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.

На згаданай сустрэчы прысутнічалі, акрамя мяне і Лябедзькі, Уладзімір Някляеў, Сяргей Калякін і Павел Севярынец.

У інтэрв’ю БелаПАН Лябедзька адзначыў, сустрэчы ў такім фармаце не праводзіліся аж з 2010 года. Хаця наракаць на дэфіцыт кантактаў з замежнымі дыпламатамі, прынамсі, некарэктна.

«Напэўна, гэта звязана з тым, што Лукашэнка спрабуе ўплываць на кадравую палітыку ЕС. Чатыры гады таму быў вельмі моцны падбор дыпламатаў, якія з’яўляліся не прадстаўніцтвамі нейкіх партоў ці эканамічных колаў, а дыпламатамі ў поўным сэнсе гэтага слова. Цяпер гэтага, на мой суб’ектыўны погляд, няма», — заявіў Анатоль Лябедзька.

Гэта сапраўды асабісты погляд Анатоля Лябедзькі. У дадзеным выпадку ён зрабіў такую агаворку. Але ж бываюць сустрэчы, калі апазіцыйныя палітыкі ўспрымаюцца як прадстаўнікі ўсіх дэмсілаў. Да ўсяго Лябедзька прэтэндуе на статус адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах-2015.

Шчыра прызнаюся, мне сорамна за гэтае выказванне лідара АГП, і я прыношу прабачэнні прысутным на гэтай сустрэчы еўрапейскім амбасадарам.

Паслы краінаў ЕС працуюць у Беларусі не для абслугоўвання апазіцыі, а адстойваюць найперш інтарэсы сваіх краінаў. Груба кажучы, не трэба і шкодна чакаць, што яны будуць «рабіць нам прыгожа» — замест нас саміх.

Ці не таму мы такія слабыя, што шмат гадоў спадзяёмся на знешняе спрыянне?

І санкцыі нам падавай вось такія і такія, і дыпламатаў прызначай на наш густ, і падтрымку давай у гэткіх і гэткіх аб’ёмах. Вось тады мы — ух! — зрынем дыктатуру...

Падобныя выказванні, якія дазволіў сабе ці то з адчайнае эмоцыі, ці то з пазіцыі правакацыйнага маралізатарства Анатоль Лябедзька, на жаль, дыскрэдытуюць беларускую дэмакратычную супольнасць.

Гэта пры тым што кіраўнікі дыпмісій ЕС ніколі не адмаўляліся ад абароны правоў і свабодаў чалавека ў Беларусі. Дый урэшце рэшт: не яны павінны вызваляць з турмаў тых самых палітвязняў, а беларускі народ.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны