Навіны Навіны Беларусі

Старшыня Руху «За Свабоду» прадставіць Беларусь на семінары Парламенцкай асамблеі NATO

Старшыня Руху «За Свабоду» прадставіць Беларусь на семінары Парламенцкай асамблеі NATO

1975 Праглядаў Варшава
Свой пункт гледжання на ўнутраную дынаміку і знешнепалітычны выбар Беларусі прадставіць на семінары Rose-Roth Парламенцкай асамблеі NATO старшыня Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч. Ён адзначае, што сёння роля NATO ў рэгіёне значна ўзрасла.

«У час расійска-украінскай вайны роля NATO ў Еўропе рэзка ўзрасла. У аўтарытарных краінах постсавецкай прасторы да гэтай арганізацыі па-ранейшаму ставяцца насцярожана. Пуцін і ягоная прапаганда, увогуле, разглядаюць альянс як свайго галоўнага ворага», - падкрэсліў важнасць мерапрыемства сайту Pyx.by старшыня Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.

«І Польшча, і Чэхія, і Эстонія, і іншыя краіны былога савецкага лагера пасля распаду СССР перш за ўсё паспяшаліся далучыцца да гэтай арганізацыі, бо адчувалі сталую пагрозу імперскай Масквы. Сёння, відавочна, што яны мелі рацыю. NATO для іх - гарант незалежнасці», - кажа Мілінкевіч.

Семінар Rose-Roth ПА NATO распачаўся 14 кастрычніка ў Варшаве. Вялікая частка семінара – увесь сённяшні працоўны дзень - прысвечаная сітуацыі ва Украіне. 15 кастрычніка адной з тэмаў стане сітуацыя ў Беларусі. Удзельнікі разгледзяць яе на секцыі «Беларусь: унутраная дынаміка і замежныя палітычныя выбары».

Дырэктар аддзела па Украіне, Беларусі і Малдове Цэнтра ўсходніх даследванняў Войцех Кананчук выступіць з дакладам пра Еўрапейскія перспектывы Беларусі, а акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксей Пікулік прадставіць "Палітычныя падзеі ў Беларусі". Старшыня Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч выступіць у якасці спікера разам з правабаронцам Алесем Бяляцкім і дырэктарам тэлеканалу «Белсат» Агнешкай Рамашэўскай-Гузы.

Па словах Аляксандра Мілінкевіча, у Варшаве «будуць разгледжаныя пытанні бяспекі і захавання цэласнасці краінаў нашага рэгіёну, у тым ліку і не сябраў НАТА - Украіны, Грузіі, Малдовы і Беларусі».

«У канферэнцыі, якая пройдзе ў польскім Сейме, прымуць удзел дэлегацыі парламентароў 22 краінаў і запрошаныя госці. Плануецца, што на сустрэчы будзе выпрацавана агульная канцэпцыя нейтралізацыі маскоўскай агрэсіі і каардынацыі супольных дзеянняў краінаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы», - заключыў старшыня Руху «За Свабоду».

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны