Навіны Навіны Руху

Недахоп фінансавання — асноўная праблема беларускай медыцыны

Недахоп фінансавання — асноўная праблема беларускай медыцыны

2946 Праглядаў Мінск
Недастатковае фінансаванне — асноўная праблема беларускай медыцыны, сышліся ў меркаванні эксперты на слуханнях 30 верасня ў Мінску па рэформе сферы аховы здароўя, праведзеных у межах «Народнага рэферэндума».

«Мы за больш чым за год аб’ехалі ўсю Беларусь. Пытанне медыцыны — вельмі актуальнае для беларусаў», — распавёў перад непасрэднай дыскусіяй першы намеснік Руху «За Свабоду», адзін з лідараў «Народнага рэферэндума» Юрась Губарэвіч.

Па ягоных словах, па выніках гэтых грамадскіх слуханняў будуць падрыхтаваныя матэрыялы, якія разам з подпісамі будуць перададзеныя ў Палату прадстаўнікоў.

«Чым людзі будуць больш салідарныя ў такіх пытаннях, тым хутчэй мы прымусім уладу рабіць тое, што цікавіць і патрэбна грамадству», — адзначыў ён.

«Мы гатовыя перадаць 50 тысячаў подпісаў і дабівацца прызначэння рэферэндуму. Калі рэферэндум не будзе прызначаны, мы будзем працягваць збіраць подпісы», — адзначыў старшыня партыі БНФ і адзін з лідэраў «Народнага рэферэндума» Аляксей Янукевіч.

«Сітуацыя з тэрміновай медычнай дапамогай у сельскай мясцовасці — вельмі сумная. У вёсцы можна не дачакацца прыезда ўрачоў. Акрамя таго, шмат якія сельскія ўчастковыя бальніцы былі зачыненыя», — адзначыла доктар Наталля Шкадун.

Яна заклікала перад усім вырашыць глабальныя праблемы ў медыцыне, назваўшы адной з іх недахоп фінансавання.

Медыцына ў Беларусі — не самая кепская, але і не самая добрая, лічыць дырэктар ААТ «Агенцтва медыцынскага турызму» Міхаіл Нядзвецкі. Па яго словах, мы займаем «залатую сярэдзіну», абыходзім краіны СНД, а па некаторых паказчыках — шэраг краін Цэнтральнай і нават Заходняй Еўропы.

Прыкметы няякаснай медыцыны ён бачыць у тым, што ў дзяржаўных паліклініках збіраюцца чэргі з пацыентаў.

«Рэформы медыцыны, безумоўна, патрэбныя, але пытанне колькі? Колькі каштуе, колькі будзе ісці... Рэформа не можа быць бясплатнай», — падкрэсліў эксперт, дадаўшы, што галоўнае пытанне — гэта заробкі, бо дактары зацікаўленыя ў добрай аплаце іх працы.

Па ягоных падліках, 20% сродкаў на медыцыну зараз выкарыстоўваюцца нерацыянальна, так што галіне трэба не толькі павелічэнне фінансавання, але і незалежны аўдыт.

Нашу медыцыну нельга назваць кепскай, сказаў лекар Зміцер Салошкін, спаслаўшыся на статыстыку. Па ягоных словах, неблагія паказчыкі па колькасці лекараў, забеспячэнні клінікаў медсестрамі і г.д.

«Але пры гэтым падобныя паказчыкі не пераходзяць у працягласць і якасць жыцця», — патлумачыў лекар. Ён адзначыў перавагі страхавой медыцыны.

4% ад ВУП — недастаткова для фінансавання, яго трэба павялічваць — да 6-7-8-10%, лічыць лекар Іван Шэга.

«І перш за ўсё трэба павялічыць заробкі. Бо праз маленькі заробак знізілася павага да прафесіі доктара, упаў імідж прафесіі. Акрамя таго, доктару прыходзіцца круціцца, каб зарабляць», — патлумачыў ён. Па ягоных словах нармальны ўзровень заробку ўрача — тысяча долараў, акрамя таго, ёсць патрэба ўзняць заробкі і медсёстрам, якія зараз «працуюць як рабы з 8.00 да 20.00».

#рэферэндум

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны