Навіны Навіны Руху

Мілінкевіч заклікаў ЕС не быць наіўным з Лукашэнкам

Мілінкевіч заклікаў ЕС не быць наіўным з Лукашэнкам

3040 Праглядаў Берлін
Пра тое, як Еўропа павінна весці сябе адносна Лукашэнкі і яго апанентаў, вялася гаворка ў Акадэміі Фонду імя Конрада Адэнаўэра ў Берліне, дзе 3 лютага адбылася дыскусія пад назвай «Беларуская апазіцыя ў небяспецы».

Удзельнікі дыскусіі — нямецкія эксперты і палітыкі, а таксама лідэр Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч — абмеркавалі магчымыя сцэнары развіцця палітычнай сітуацыі ў Беларусі і рэакцыі на яе з боку Еўропы, паведамляе Deutsche Welle.

Першачарговыя задачы

Аляксандр Мілінкевіч, адкрываючы дыскусію, падкрэсліў, што на парадку дня еўрапейцаў і грамадзянскай супольнасці Беларусі стаяць некалькі важных пытанняў. Першае — вызваліць прадстаўнікоў апазіцыі і грамадзянскіх актывістаў, якія сталі ахвярамі рэпрэсій пасля прэзідэнцкіх выбараў. Другое — ажыццявіць прынятыя ЕС санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва і паклапаціцца аб тым, каб яны не ўдарылі па насельніцтве краіны. І толькі потым ужо прыступіць да дыялогу з рэжымам.

«Дыялог жыццёва неабходны беларусам. Без яго нічога не будзе. І хоць цяжка ўявіць, што мы станем Паўночнай Карэяй, але краіна будзе толькі зачыняцца», — упэўнены Мілінкевіч.

Санкцыі супраць Лукашэнкі, але не супраць насельніцтва

Намеснік старшыні фракцыі ХДС/ХСС у бундэстагу Арнольд Ваатц, каментуючы заявы Мілінкевіча, падкрэсліў, што санкцыі ЕС абавязкова павінны быць узважанымі і асцярожнымі. Каб змяніць сітуацыю, дамагчыся дэмакратычных пераменаў у Беларусі, патрабуецца палітычны і дыпламатычны ціск на Лукашэнку.

Пры гэтым, як лічыць Ваатц, трэба растлумачыць Лукашэнку, што ў партнёраў заўсёды павінна быць раўнавага паміж тым, што яны гатовыя «даваць» і «атрымліваць». «Калі мы з ім стасуемся, то чакаем сустрэчных крокаў у пытанні дыялогу з Захадам. Але яшчэ больш важны дыялог дыктатарскага рэжыму з беларускім народам. Гэтага мы павінны дамагчыся», — сказаў Ваатц.

Еўропа не павінна быць наіўнай

Аляксандр Мілінкевіч, які раней неаднаразова выказваўся за дыялог Брусэля з Мінскам, заклікаў ЕС не быць наіўным, разлічваючы на тое, што Лукашэнка можна задобрыць палёгкамі. Палітык папрасіў удзельнікаў дыскусіі падумаць аб тым, ці былі дзеянні еўрапейцаў і апазіцыі ў Беларусі ў мінулым правільнымі?

Паводле яго, многія палітыкі ў Еўропе часта паводзяць сябе, як ківач — вагаючыся ад адной крайнасці да іншай. Лідэр Руху «За Свабоду» нагадаў прысутным аб тым, што калі ў ранейшыя гады Лукашэнка ўзмацняў ціск на апанентаў, калі з’яўляліся палітвязні, Еўропа надавала больш увагі апазіцыі. Затым, падкрэсліў Мілінкевіч, усё кардынальна змянілася. «Калі пачаўся дыялог, калі многія з нас сказалі, што ён патрэбны, увага ЕС пераключылася на ўладу. І некаторыя еўрапейскія палітыкі пачалі ў нейкай ступені саромецца працаваць з апазыцыяй, з праваабарончымі арганізацыямі. Маўляў, уладам гэта не вельмі падабаецца», — заўважыў ён.

Нямецкая палітыка павінна стаць больш выразнай

Прызнаўшы, што Германія ў мінулыя гады аказвала Беларусі вялікую дапамогу ў сацыяльнай сферы, Мілінкевіч са шкадаваннем канстатаваў, што палітычным складнікам Берлін надаваў нашмат менш увагі. Нямецкая «асцярожная палітыка», па выразе Аляксандра Мілінкевіча, павінна стаць больш кантраснай і выразнай. «Працуйце з уладай інтэнсіўна, рабіце ўсё, што можаце, стаўце ўмовы. Але дэмакратычная супольнасць — гэта ваш стратэгічны партнёр. На заўтра і паслязаўтра», — запэўніў Мілінкевіч.

Нібы адказваючы на яго папрокі, кіраўнік Фонду імя Конрада Адэнаўэра, экс-спікер Еўрапарламента Ганс-Герт Пётэрынг адзначыў, што, на жаль, сярод палітыкаў няма прадракальнікаў, якія загадзя ведаюць вынік. «У палітыцы не бывае гарантый. Трэба спрабаваць розную тактыку і стратэгію, каб, з аднаго боку, выкарыстоўваць санкцыі, а з другога — паказаць гатоўнасць да дыялогу», — сказаў Пётэрынг.

А вось былы кіраўнік місіі АБСЕ ў Мінску Ганс-Георг Вік указаў на той факт, што ў ходзе дыскусіі наогул не прагучала словазлучэнне «Усходняе партнёрства», і парэкамендаваў ўспомніць аб гэтым праекце і нямецкім партнёрам, і беларускай апазіцыі. «Менавіта „Усходняе партнёрства“ з яго магчымасцямі весці дыскусію аб грамадзянскай супольнасці з’яўляецца адначасова добрым інструментам ціску на Лукашэнку і актывізацыі беларускай грамадзянскай супольнасці ў еўрапейскім кантэксце», — канстатаваў Ганс-Георг Вік.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны