Навіны Навіны Руху

«Наш дом — Беларусь» — слоган, які можа аб’яднаць беларусаў

«Наш дом — Беларусь» — слоган, які можа аб’яднаць беларусаў

1891 прагляд Вільнюс
Беларускае мастацтва, гістарычную памяць беларусаў і шляхі іх аб’яднання абмеркавалі ў межах трэцяга дню Школы Руху «За Свабоду» філосафы Віталь Шчуцкі і Уладзімір Падгол, гісторыкі Генадзь Сагановіч і Алесь Смалянчук.

Віталь Шчуцкі: «Беларусь на сусветнай мапе мастацтва»

«Дзе знаходзіцца беларускае мастацтва?» — запытаўся ў пачатку выступу філосаф Віталь Шчуцкі.
Па ягоных словах, «шмат беларускіх творцаў сёння з’язджае за мяжу, існуе нават карціна, якая прадстаўляе гэтую з’яву». Ён таксама звярнуў увагу на тое, што вялікая колькасць вядомых мастакоў жывуць і сёння, некаторыя з іх вельмі актыўныя. Шчуцкі лічыць, што канец 1980-х — першая палова 1990-х гг. былі часам абуджэння сучаснага мастацтва ў Беларусі.

Дакладчык прадставіў слухачам школы карціны на палітычную тэматыку сучаснай Беларусі, сярод якіх прэзентаваў праект Implications Алега Юшко, у якім пры дапамозе фатаграфіі паказаная нашая гарадская прастора.

«Камунальныя службы, замаўлёўваючы ўсе надпісы на сценах, выкарыстоўваюць розныя фарбы, такім чынам, ствараючы нейкі супрэматызм (кірунак у авангардысцкім мастацтве), — сказаў выступоўца, — некаторыя таксама называюць гэта „фупрэматызмам“ (скарочана ад фундамэнтальны супрэматызм)».

Адна з асаблівасцей беларускага стрыт-арту — замалёўка абсалютна ўсяго, дадаў Шчуцкі. «Мастакі кажуць, што максімальны час існавання ў прасторы такога твору — адзін тыдзень», — патлумачыў дакладчык.

Пры гэтым, арт-рынку няма ў Беларусі няма: хаця і існуе нейкі рух, але цяжка назваць гэта рынкам. Выкладчык звярнуў увагу на мастацкую калекцыю «Белгазпромбанку». Ён адзначыў, што не ведае як ставіцца да з’явы, калі «расейскі банк купляе за свае грошы беларускія знакавыя творы (напрыклад, карціна Хаіма Суціна „Ева“ была набытая за 1,8 млн даляраў)».

Прапаноўваючы шляхі выйсця з сітуацыі, Шчуцкі звярнуў увагу на неабходнасць прыватызацыі кінатэатраў, тэатраў, памяшканняў для галерэяў. Ён лічыць, што існуе патрэба ў рэформе мастацкай адукацыі, акрэсленні юрыдычнага статуту галерэі і мастака, належнай аховы аўтарскага права, а таксама стварэння ўмоваў для замежных інвестыцый.

Уладзімір Падгол: «Што можа аб’яднаць беларусаў і Беларусь»

Каштоўнасці могуць аб’ядноўваць і падзяляць людзей на ўсіх узроўнях грамадскага самаўсведамлення, лічыць філосаф Уладзімір Падгол. У СССР каштоўнасці, відавочна, дзялілі грамадства: усе нязгодныя былі ворагамі. «Калі вораг не здаецца, яго знішчаюць», — патлумачыў Падгол.

Ён прадставіў удзельнікам Школы два прыклады гістарычнага і сучаснага гэтага. «Советский народ — передовой отряд человечества (...) советские люди — самые начитанные, — распавёў лектар, — а пасля найбольш гуманны народ прадаваў зброю». Гэтыя рэчы выконвалі сваю ролю ў прапагандысцкай машыне СССР, адзначыў філосаф, спорт, космас і першы савецкі серыял пазней сталі галоўнымі інструментамі ўвасаблення ідэалагемаў.

Пасля дэвальвацыі 2011 г. адбылася рэідалагізацыя А. Лукашэнкі, дадаў дакладчык. На яго думку, былі зменены сацыяльныя вобразы. «Сёння адбываецца чарговая змена вобразу, Лукашэнка прадстаўляе сябе як абаронцу і міратворца, сустрэча ў Мінску Пуціна, Парашэнкі і Эштан выкарыстоўваецца для гэтага», — сказаў філосаф.
Тэма Майдана была выкарыстана дзеля гэтага ж. «Сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што народ негатыўна ставіцца да Майдану, але Лукашэнка адкрыта крытыкаваў Януковіча. З боку адміністрацыі прэзідэнта ідзе падрыхтоўка да выбараў прэзідэнта і Плошчы 2015 г.», — падкрэсліў выступоўца.

Ён таксама прадставіў ідэалагему «Наш дом — Беларусь», якая на думку лектара магла б аб’яднаць народ. Ідэю Беларусі як мосту паміж Захадам і Усходам ён супрацьпаставіў ідэалагеме пра дом і канстатаваў, што «жыццё ў сваім доме нашмат прыемней, чым на мосце».

Генадзь Сагановіч: «Гісторыкі і гістарычная навука ў нацыябудаўніцтве»

«Цяпер сярод навукоўцаў дамінуе падыход, што нацыі — гэта не анталагічныя дадзеныя, што гэта дыскурсійная адзінка, — распачаў гісторык Генадзь Сагановіч, — таму поспех нацыябудаўніцтва залежыць ад таго, наколькі будуць выкарыстаныя цаглінкі гісторыі». Ён падкрэсліў, што мы не маем ніякай сувязі з мінулым, яно не існуе для нас.

Удзельнікам школы былі прадстаўлены розныя ўзроўні гісторыі. Другім пасля мінулага ўзроўнем выкладчык назваў гісторыю сучасную, а трэцім — веды чалавецтва аб гісторыі. «Задачай гісторыкаў з’яўляецца прадукцыя гістарычных ведаў для грамадства», — падкрэсліў лектар.

Па ягоным меркаванні, «сацыяльная памяць» з’яўляецца не проста «дыскам інфармацыі», але жывым арганізмам. Гісторык звярнуў увагу на каштоўнасны асіметрызм — выдаленне памяццю таго, што прыносіць боль, ідэалізацыя мінулага.

«Самаідэнтыфікацыя індувідуума з гісторыяй адбываецца на міфалагічнай аснове, — адзначыў Сагановіч, — ідэнтычнасць — заўсёды адкрытая». Ён звярнуў увагу, што ўсю інфармацыю ўтрымаць проста біялагічна немагчыма, таму адбываецца неверагодная сувязь гісторыі і сучаснасці. «Мы ўяўляем мінулае такім, якім мы хочам яго бачыць, — адзначыў Сагановіч, — пры чым, гэта адбываецца як на індывідуальным, так і на сістэмным узроўні».
Гісторык звярнуў увагу на розніцу крытычнай гістарыяграфіі і гістарычнай памяці. 1918 г. ён назваў пачаткам інстытуцыянальнай гістарыяграфіі.

У першай палове 20-х гг., па ягоных словах, была выпрацавана нацыянальная школа гісторыі, такая ж, якія мелі нашыя краіны-суседкі. «Гэты наратыў (гісторыя (аповяд), гістарычна і культурна абгрунтаваная інтэрпрэтацыя нейкага аспекту свету з пазіцыі нейкай асобы) ізаляваў беларускі наратыў ад Расіі і іншых краін, пры гэтым, палітычна беларусы маглі нават крытыкаваць экспансіянісцкія захады ўсходняй суседкі, — сказаў выкладчык, — але гэта скончылася ў сярэдзіне 30-х гг.».

Выступоўца падкрэсліў, што Беларусь падчас прыходу А. Лукашэнкі да ўлады апынулася ў сітуацыі, калі дзяржава і гістарычная палітыка былі па розных баках. «Асноўныя ідэалагемы савецкай гістарыяграфіі былі ізноў рэанімаваныя ў канцы 90-х гг.», — падсумаваў ён.

Сагановіч падкрэсліў, што забеспячэнне народа гістарычнай памяццю з’яўляецца неад’емным пунктам нацыябудаўніцтва. На яго думку, сталая незавершанасць нацыянальнай ідэнтычнасці ці самасвядомасці можа быць істотна зменена нават у сучасным становішчы. «Любая канструкцыя можа быць разбурана, калі яна будзе прызнана неадпаведнай», — скончыў лектар.

Алесь Смалянчук: «Беларуская нацыянальная ідэя: нараджэнне і пачынальнікі»
«Нацыянальную ідэю немагчыма стварыць, яна вырастае сама з сябе, людзі проста пачынаюць атасаямляць сябе народам», — адзначыў на лекцыі Школы Руху гісторык Алесь Смалянчук.

Ён звярнуў увагу на тое, што афармленне беларускага нацыяналізму адбылося вельмі позна, амаль на два стагоддзі пасля афармлення заходнееўрапрейскіх нацыяналізмаў. Свядомасць мясцовых сялян 19 ст. Смалянчук апісаў як вельмі нізкую, і вялікім пытаннем для яго застаецца: «Чаму сяляне, увогуле, падтрымалі паўстанне Каліноўскага?»

«Чаму Каліноўскі адкрыта не звяртаўся як беларус да беларусаў, не казаў адкрыта аб Беларусі і чаму ўсё гэта нам трэба вышукваць застаецца важным пытаннем», — працягнуў выступоўца. Смалянчук распавёў, што ў той перыяд набралі моцы імперыялістычныя ідэі Расіі і Польшчы, узмацніўся літоўскі нацыянальны рух, ідэалогія ліцвінства. Ён лічыць, што менавіта гэта стала прычынай асцярожнасці Каліноўскага. «Для беларусаў гэта была трагічная сітуацыя», — сказаў лектар.

На думку Алеся Смалянчука, ідэя незалежнасці нараджаецца вельмі доўга, аднак у беларускім выпадку гэта адбылося вельмі хутка, адразу пасля афармлення першай беларускай партыі. «Хутчэй за ўсё, яны проста спісалі гэта ад сваіх суседзяў», — сказаў ён.

«Наша Ніва», лічыць выкладчык, ужо працавала на беларускую нацыянальную этнакультурную ідэю. Ён падкрэсліў, што гэта была праца на эліту і была архіважнай, але ўсяго дасягнуць, натуральна, не ўдалося.

«Усе пошукі беларускай нацыянальнай ідэі змяніла першая сусветная вайна», — дадаў гісторык, звярнуўшы ўвагу на пазнейшыя ўжо безпаспяховыя змаганні за незалежнасць. Аднак, дакладчык выказаў свой скепсіс наконт таго, што «тэорыя двух ворагаў» — паляка і маскаля — з’яўляецца «простай адгаворкай». Даследчык прывёў некалькі аргументаў супраць «стэрэатыпу беларускай талерантнасці». «Мы талерантныя да таго моманту, пакуль у нас няма стрэльбы ў руках, і гэтая праблема застаецца да сённяшняга дня», — падсумаваў Алесь Смалянчук.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны