Навіны Навіны Руху

«Беларусь жыве не па сродках»

«Беларусь жыве не па сродках»

1818 Праглядаў Вільнюс
Беларуская эканоміка існуе не па сродках, а Польшча за адзін год зрабіла больш рэформаў, чым Беларусь за дваццаць год — сваё бачанне праблемаў і развіцця эканомікі нашай краіны ў другі дзень Школы Руху «За Свабоду» прадставілі эканамісты Сяргей Чалы і Алесь Аляхновіч.

Сяргей Чалы: «Залаты век» для эканомікі Беларусі быў да 2006 года

2006 год быў пераломным для беларускай эканомікі, лічыць незалежны эканаміст Сяргей Чалы, пасля гэтага пачаўся спад прадуктыўнасці беларускай гаспадаркі.

«Да 2006 г. Беларусь паспяхова “даіла” расійскія датацыі, - сказаў ён, - гэта быў «залаты век»».

Па ягоных словах, у 2009 годзе знізіліся замежныя інвестыцыі, і з таго моманту Беларусь пачала нарошчваць унутраныя. Адной з праяваў гэтага стала актыўнае ільготнае будаўніцтва, нарошчванне капіталу.

«Грошы накіроўваюцца туды, дзе яны найбольш неэфектыўныя, і гэта мэтанакіраваная палітыка», - лічыць Чалы. 
Ён звярнуў увагу на некаторыя выказванні Аляксандра Лукашэнкі, якія адкрыта паказваюць на «існаванне ў Беларусі прадпрыемстваў-зомбі». «Фінансаванне гэтых гаспадарак, - дадаў эканаміст, - з’яўляецца, відавочна, неэфектыўным выкарыстаннем бюджэтных грошай».

На простым прыкладзе ён паказаў удзельнікам Школы, што такое валавы ўнутраны прадукт краіны: «ВУП – гэта сума даданых вартасцей, то бок, гэта не сума вартасці рамы і іншых запчасткаў ровару плюс яго ўласны кошт, але сума вартасцяў гатовых ровараў». Абапіраючыся на гэты тэзіс, Чалы патлумачыў, чаму накапленне ўнутранага капіталу і валавых інвестыцыяў на працягу шматлікіх гадоў выклікаюць адмоўнае сальда замежнага гандлю. «Мы проста жывём не па сродках», - сказаў лектар.

«Крызіс – гэта прарыў розных дысбалансаў і хваробаў гаспадаркі», - нагадаў эканаміст.

Чалы звярнуў увагу на спад экспарту беларускіх гатовых высокатэхналагічных тавараў і нарошчванне паставак неперапрацаваных матэрыялаў. «На працягу апошніх дзесяці гадоў якасць нашага экспарту ўсё пагаршаецца, - адзначыў аналітык. - Акрамя таго, колькасць новых рынкаў змяншаецца, а пастаўкі на старыя павялічваюцца».

Палепшыць сітуацыю, лічыць Сяргей Чалы, змогуць абраныя дзесяць галінаў, сярод якіх ён вылучыў ахову здароўя і адукацыю. «Гэта два лідары па колькасці супрацоўнікаў, што мяняюць сферу дзейнасці», - патлумачыў эканаміст.

Ён назваў беларускія прадпрыемствы «пунктамі сацыяльнай дапамогі». «Лепей звольніць усіх непатрэбных працаўнікоў і выплочваць ім сацыяльныя выплаты», - заключыў ён.

Алесь Аляхновіч: Польшча за год зрабіла болей рэформаў, чым Беларусь за дваццаць

Беларусь была адной з самых развітых сацыялістычных краін, але надалей сітуацыя змянілася, адзначыў пад час лекцыі ў межах Школы эканаміст Алесь Аляхновіч. У якасці параўнання ён прывёў сітуацыю ў Польшчы і Беларусі: першая актыўна нарошчвала прыватную маёмасць, другая ж рабіла наадварот.

«За першы год рэформаў у 1990-х гг. Польшча зрабіла больш эканамічных рэформаў, чым Беларусь зрабіла за дваццаць год, горшы вынік паказаў толькі Таджыкістан», - сказаў Аляхновіч.

Па ягоных словаў, заняпад рэформаў у Беларусі дорага абышоўся беларусам: Польшча апярэджвае нашу краіну, напрыклад, па сярэдняй працягласці жыцця, дэмаграфічнай дынаміцы і выдатках на харчаванне.

Для выпраўлення сітуацыі, лічыць эканаміст, Беларусі трэба правесці лібералізацыю цэнаў, правядзенне цвёрдых манетарнай і фіскальнай палітыкаў, маштабную рэформу дзяржаўнага кіравання, звесці да мінімуму абмежаванні, ліцэнзіі і дазволаў, а таксама распрацаваць эфектыўнае антыманапольнае заканадаўства. Да таго ж, нашай краіне патрэбна разняволіць сістэму знешняга гандлю, замежных інвестыцый і ўступіць у Сусветную гандлёвую арганізацыю.

«Пэўны час дзяржаве было дастаткова мець адну акцыю, каб умешвацца ў дзейнасць прадпрыемства. Гэта цалкам непрымальна», - адзначыў эканаміст.

Прыватызацыю Аляхновіч аднёс да сталых механізмаў росту беларускай гаспадаркі. Ён падкрэсліў, што рэструктурызацыя і дэбюракратызацыя дзяржсектару не патрабуе працяглай працы, таму вынікі рэформаў - адносна хуткаасягальныя. Аднак Аляхновіч зазначыў, што «прыватызацыя толькі сярэдніх і буйных прадпрыемстваў запатрабуе шмат часу».

Асаблівую ўвагу эканаміст надаў праблеме Расіі як асноўнага спонсара беларускай эканомікі. Па ягоных падліках, датацыі, якія атрымоўвае Беларусь з гандлю расійскімі газам і нафтай, складаюць 13-14 % беларускага ВУП. «Такім чынам, гэта будзе блакаваць усе беларускія рэформы», - сказаў Аляхновіч.

У Беларусі існуе вялікі патэнцыял для правядзення рэформаў, лічыць эканаміст, згадаўшы, аднак, і пра «вялікі кошт эканамічных і пазаэканамічных стратаў за кошт адкладання зменаў».

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны