Навіны Навіны Беларусі

«Народны рэферэндум» рыхтуе папраўкі ў Кодэкс аб адукацыі

«Народны рэферэндум» рыхтуе папраўкі ў Кодэкс аб адукацыі

3433 праглядаў Магілёў Гродна Полацк
Ініцыятыва «Народны рэферэндум» у надыходзячыя выхадныя, 23 і 24 жніўня, працягне цыкл грамадскіх слуханняў, прысвечаных пытанням з парадку дня прапанаванага плебісцыту.

Жнівеньскія грамадскія слуханні прысвечаны адной тэме - даступнасці і якасці адукацыі ў Беларусі. Яна вытворная ад першага пытання "Народнага рэферэндуму", якое гучыць так: "Ці згодныя вы, што ў дзяржаўных установах адукацыі і аховы здароўя ўсе паслугі грамадзянам Беларусі павінны аказвацца бясплатна?".

23 жніўня слуханні адбудуцца ў Магілёве (пачатак - у 14.00 па адрасе: завулак Чкалава, 16), а 24 жніўня абмеркаванне праблем у сферы адукацыі пройдзе ў Полацку (пачатак - у 13.00 па адрасе: вуліца Юбілейная, 27, офіс 316.)

Удзел у слуханнях возьмуць лідары структур, якія ініцыявалі "Народны рэферэндум", вядомыя эксперты ў галіне адукацыі, а таксама выкладчыкі. Так, у Магілёве выступяць лідар кампаніі "Гавары праўду" Уладзімір Някляеў, першы намеснік старшыні Руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч і прафесар, сябра Грамадскага Балонскага камітэта, былы прарэктар Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта Уладзімір Дунаеў.

У Полацку ўдзел у слуханнях возьмуць лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард, а таксама дырэктар школы з 18-гадовым стажам, сябра Рады Руху "За Свабоду" Леанід Гаравы.

Першыя грамадскія слуханні ў межах кампаніі "Народны рэферэндум" адбыліся ў мінулую нядзелю, 17 жніўня, у Гродне.

Удзел у іх узялі Аляксандр Мілінкевіч ад Руху "За Свабоду", Аляксей Янукевіч і Ігар Лялькоў ад Партыі БНФ, Таццяна Караткевіч ад кампаніі "Гавары праўду". Вядучым экспертам выступіў згаданы вышэй Уладзімір Дунаеў.

Падчас слуханняў прафесар пазначыў ўсю "дарожную карту" зменаў у беларускай адукацыі - ад пажаданасці ўдзелу Беларусі ў сусветнай сістэме ацэнкі якасці адукацыі да карэктавання прынцыпаў дзяржаўнай адукацыйнай палітыкі (згодна з артыкулам 107 Кодэкса аб адукацыі яе аднаасобна фармуе і гарантуе выкананне прэзідэнт). Уладзімір Дунаеў заўважыў, што гэтыя змены немагчымыя без далучэння да фармавання адукацыйнай палітыкі найбольш зацікаўленых груп грамадства - працадаўцаў, вучняў/студэнтаў, бацькоў навучэнцаў.

Па сканчэнні слуханняў па пытаннях адукацыі ініцыятары «Народнага рэферэндуму» накіруюць свае заўвагі і прапановы для ўнясення ў новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі, якая будзе прынята ў хуткім часе.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны