Навіны Навіны Руху

«Беларусі трэба непакоіцца пра захаванне сваёй незалежнасці»

«Беларусі трэба непакоіцца пра захаванне сваёй незалежнасці»

2164 праглядаў Мінск
За апошнія дзесяць год каардынатар Руху «За свабоду» па Мінску Юрась Меляшкевіч не прапусціў аніводнай выбарчай кампаніі. Збіраецца так ці інакш дапамагаць і пад час будучай прэзідэнцкай кампаніі ў 2015 годзе, хаця і лічыць, што да яе апазіцыя падыйдзе ў стане апатыі і расчаравання, распавёў ён «СН плюс».

Палітыка была вакол з дзяцінства

— У мяне бацька палітычны актывіст. Так што вакол з дзяцінства грамадска-палітычная дзейнасць. Ці то подпісы збіраў, ці то ў агітацыі ўдзельнічаў. Быў заўжды нацыянальна арыентаваным.

Спачатку трапіў у «Малады фронт», пасля ў «Правы альянс». Потым разважаў, што ды як, першым чынам выбраў, канечне, БНФ, бо бацька таксама быў заўсёды у фронце, блізкі па ідэйных меркаваннях.

Гэта было ў 2004 годзе, тады ж і першая выбарчая кампанія. Прэзідэнцкія, парламенцкія выбары... У 2006 годзе вялікая палітычная кампанія Аляксандра Мілінкевіча... За дзесяць год ні адну кампанію не прапусціў. Апошняя была на мясцовых выбарах, дзе я балатаваўся.

Уся сям’я заўсёды падтрымлівала мяне. Бацька, маці, і сястра, і жонка. Мы ўсе аднадумцы.

Апатыя на выбарах

— Звычайная выбарчая кампанія апошнім часам у Беларусі праходзіць у варунках апатыі, дэактывізму. Я лічу, што да гэтага часу ёсць памяць пра паразу 2010 года, калі людзі перажылі расчараванне.

У кампаніі па выбарах прэзідэнта 2015 года планую так ці інакш удзельнічаць, дапамагаць. Планаў на гэта ніякіх канкрэтных няма, але ніводнай кампаніі не прапусціў, і гэтая не будзе выключэннем. Хвалююся, што пройдзе апатычна.

Важна, каб была дамоўленасць па працы на прэзідэнцкіх выбарах, але часу на гэта засталося ўжо мала.

Зараз звязваю сваё жыццё з працай, на якой у мяне ўдаецца сумяшчаць і грамадскую актыўнасць. У межах гэтай дзейнасці я займаюся папулярызацыяй беларускай мовы, гісторыі і культуры. І ёсць яшчэ шмат планаў па пашырэнні такой працы. Стала распачынаю нешта новае.

Беларусі зараз трэба непакоіцца пра захаванне сваёй незалежнасці

— Зараз я найбольш занепакоены сітуацыяй ва Украіне. Беларусь апынулася ў расійскай інфармацыйнай прасторы, і зараз для нас важныя кампаніі па падтрымцы нашай незалежнасці.

Байкот расійскіх тавараў не дапаможа. Калі мы будзем настолькі эканамічна самастойнымi каб спакойна заяўляць сваю нязгоду з Расійскай Федэрацыяй у эканоміцы і вайсковай палітыцы, то можна было б арганізаваць кампанію ігнаравання расійскай прадукцыі.

Але зараз, калі мы эканамічна і энергетычна залежныя ад РФ, такія рэчы, на жаль, не прывядуць да поспеху. Хутчэй за ўсё, нават нам нашкодзіць, бо Расія толькі і чакае добрых нагодаў, каб абазваць апазіцыйныя сілы і нават улады краіны фашыстамі, дэманізаваць іх і легітымізаваць сваю агрэсію. І Беларусь не будзе выключэннем. Таму перадусім трэба думаць пра нашу незалежнасць.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны