Навіны Аналітыка

Эксперт: Еўрапейскі бізнэс не бачыць сэнсу ў эканамічных санкцыях супраць Беларусі

Эксперт: Еўрапейскі бізнэс не бачыць сэнсу ў эканамічных санкцыях супраць Беларусі

2955 Праглядаў
Пакуль эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі ўвялі толькі ЗША. Еўразвяз, хоць і разглядаў такую мажлівасць, засяродзіўся на палітычных. Пра тое, наколькі верагодныя эканамічныя абмежаванні з боку Еўропы, у інтэрв’ю Pyx.by разважае эканаміст Сяргей Чалы.

— Калі ЗША першы раз уводзілі санкцыі супраць «Белнафтахіму» і ягоных структур у 2006 годзе, Беларусь адразу перавяла свае аперацыі ў гэтай галіне на Еўропу. Гэта бачна і па статыстыцы знешнегандлевага абароту з Амерыкай — там даволі сур’ёзнае падзенне было. Зразумела, што перавод аперацый на Еўропу вырашаў праблему санкцыяў з боку ЗША. Калі ж еўрапейцы далучаюцца да санкцыяў, то сапраўды ў беларускай эканоміцы паўстаюць значныя праблемы. Як далей і куды?

Але, лічыць аналітык, такое развіццё падзеяў малаверагоднае.

— У Еўропы нямала сваіх камерцыйных інтарэсаў, звязаных з Беларуссю. І ўпікаць іх за адмову ад эканамічных санкцыяў, лічу, сэнсу асаблівага няма. Бо еўрапейскія бізнэсоўцы, з якімі абмяркоўвалася магчымасць рэакцыі на «крывавую нядзелю», кажуць прыкладна наступнае: «Мы можам, канешне, зрабіць якія заўгодна жорсткія крокі, але што будзе пасля гэтага?». Еўрапейскі бізнэс вельмі не хоча паўтору сітуацыі 2006 года, калі прынятыя санкцыі ўжо да 2008 года спакойна сышлі на нуль. У выніку ЕЗ, можна сказаць, згубіў твар. То бок, спачатку была бескампрамісная рыторыка, якую паступова ўсе паспяхова забылі. Што мы маем зараз? Візавыя санкцыі? Ды дзеля гэтага нават не трэба аніякай сумеснай заявы. Кожная краіна мае суверэннае права адмовіць ва ўездзе каму заўгодна і калі заўгодна. Было столькі размоваў, а ў выніку гара нарадзіла мыш.

Эканамічныя санкцыі не будуць уводзіцца яшчэ і таму, што існуе фактар Расеі, зазначае Сяргей Чалы.

— Расея неафіцыйна толькі «за» ў пытанні жорсткіх санкцыяў. Чым больш яны б былі суворымі, тым мацнейшымі станавіліся б абдымкі Расеі. Наша суседка ўспрымае сітуацыю вакол Беларусі як свою знешнепалітычную перамогу. Гэта ўжо заўважна і на ўзроўні эканамічных стасункаў. Расея ўзмацніла сваю перамоўную пазіцыю — гэта было бачна падчас сустрэчы Міхаіла Мясніковіча і Ўладзіміра Пуціна. Практычна ўсе дамоўленасці, што былі дасягнуты, былі прынятыя на расейскіх умовах.

На думку эканаміста, і Беларусь, і Еўропа будуць намагацца вярнуць ці хаця б наблізіцца да перадвыбарнага ўзроўню стасункаў.

— Але ў мяне такое адчуванне, што крытычная фаза яшчэ не пройдзеная. Сітуацыя мусіць яшчэ больш пагоршыцца, каб потым вярнуцца да нармальнага ўзроўню. Калі менавіта зараз любы з бакоў «дасць слабіну», гэта будзе выглядаць як іміджавая параза. Бо і тыя, і іншыя вызначылі такія пазіцыі (хай і на словах), пасля якіх братацца ды абдымацца вельмі складана. Павінен прайсці пэўны перыяд такога пагаршэння стасункаў, пасля якога любыя дзеянні будуць выглядаць паляпшэннем адносінаў.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны