Навіны Беларусь і Свет

Постсавецкія лідары баяцца Крамля

Постсавецкія лідары баяцца Крамля

1515 Праглядаў Мінск Масква Астана
Постсавецкія лідары баяцца Крамля, піша Gazeta Wyborcza. Пад уплывам падзеяў ва Ўкраіне суседзі Расеі абвастраюць правілы, датычныя тэрарызму й сэпаратызму.

За вярбунак альбо ўцягваньне іншага чалавека ў тэрарыстычную дзейнасьць, а таксама за вучэньні ці падрыхтоўку да такой дзейнасьці будзе пагражаць 12 гадоў пазбаўленьня волі – паведаміла беларускае ўрадавае агенцтва БелТа. За сам удзел у вучэньнях можна будзе сесьці за краты на 10 гадоў. Беларускія банкі змогуць на 2 сутак адтэрмінаваць зьдзелку з падазронымі кліентамі, каб у гэтым часе спэцслужбы змаглі праверыць тоеснасьць асобы ці фірмы.

Аляксандар Лукашэнка занепакоены магчымасьцю рэалізацыі ў Беларусі ўкраінскага сцэнара, і таму абвастрае правілы, кажа палітолаг,  намесьнік старшыні Руху „За Свабоду” Алесь Лагвінец.

Навэлізацыя Крымінальнага кодэкса ўжо прынятая парлямэнтам і падпісаная прэзыдэнтам Беларусі. Увойдзе ён у сілу з пачаткам 2015 году, у якім адбудуцца таксама прэзыдэнцкія выбары. Такім чынам улада рыхтуецца да выбарчай кампаніі, мяркуе палітоляг і галоўны рэдактар часопіса „Архэ” Валер Булгакаў.

Новы закон – гэта папярэджаньне для грамадзтва, каб людзі ведалі, што сустрэне тых, хто адважыцца пратэставаць.

Таксама ўрад Малдовы рыхтуе навэлізацыю Крымінальнага кодэкса, у якім прадугледжваецца пакараньне пазбаўленьня волі на 12 гадоў за сэпаратыстычную дзейнасьць, а за выкарыстаньне насільля – да 20 гадоў. На шчасьце, Малдова не мяжуе з Расеяй, але праблема сэпаратызму ўжо закранула краіну.

Ёсьць жа Прыснястроўе, расказала лідарка Лібэральна-рэфарматарскай партыі Анна Гуту. Менавіта гэтая групоўка зьяўляецца ініцыятаркай увядзеньня пакараньня за сэпаратызм. Праект зацьвердзіў ужо ўрад і ў хуткім часе будзе ён перададзены ў парлямэнт.

Новы Крымінальны кодэкс падпісаў таксама нядаўна прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў. Прадугледжвае ён абвастрэньне пакараньня, між іншым, за: тэрарызм, прапаганду экстрэмісцкіх ідэалёгій, у тым ліку ў інтэрнэце, а таксама распальваньне нянавісьці на фоне сацыяльнай няроўнасьці. Улады Азэрбайджану яшчэ ў чэрвені абвастрылі пакараньне за звыш 30 відаў злачынстваў, між іншым, за: тэрарызм, збройны чын ды дзяржаўную здраду, паведамляе "Польскае радыё для замежжа".

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны