Навіны Навіны Беларусі

Тэст для дэпутатаў

Тэст для дэпутатаў

2143 праглядаў Мінск Магілёў
«Народны рэферэндум» ладзіць своеасаблівую праверку дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў на чуллівасць да волі народа. На гэтым тыдні пачаліся нашы сустрэчы з тымі, каго звыкла называюць народнымі абраннікамі, піша першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч на Naviny.by.

Па-першае, мы хочам высветліць, ці сапраўды дэпутаты адкрытыя для выбарцаў і маюць дасяжны графік прыёму. Па-другое, маем намер пры ўдзеле рэгіянальных актывістаў абмеркаваць з імі праблемы акругі, якую прадстаўляе той альбо іншы дэпутат. Па-трэцяе, мы прэзентуем “Народны рэферэндум”. 

Бо ў хуткім часе, пры канцы жніўня, у Палату прадстаўнікоў будуць накіраваныя першыя з сабраных у падтрымку “Народнага рэферэндуму” 50 тысяч подпісаў. Нагадаем, іх наяўнасць — падстава для ініцыявання дэпутатамі плебісцыта.

Падчас шматлікіх сустрэчаў з людзьмі па Беларусі мы ўжо вывелі пэўны рэйтынг папулярнасці шасці пытанняў, якія складаюць парадак дня “Народнага рэферэндуму”. Цікава, якія з іх падаюцца вартымі для вынясення на ўсенароднае галасаванне тым, хто засядае ў Палаце прадстаўнікоў:

♦ Ці згодныя вы, што ў дзяржаўных установах адукацыі і аховы здароўя ўсе паслугі грамадзянам Беларусі павінны аказвацца бясплатна?

♦ Ці згодныя вы, што кіраўнікі выканкамаў гарадоў, раёнаў, абласцей павінны абірацца прамым галасаваннем грамадзян?

♦ Ці падтрымліваеце вы курс на эканамічную інтэграцыю, асацыяцыю і стварэнне бязвізавай прасторы з Еўрапейскім Саюзам?

♦ Ці згодныя вы, што дзеля забеспячэння нейтральнага статусу Беларусі ў краіне павінна быць забаронена размяшчэнне замежных вайсковых аб’ектаў, ядзернай зброі, а беларускія вайскоўцы не мусяць несці службу за мяжой?

♦ Ці згодныя вы, што адна і тая ж асоба не можа займаць пасаду прэзідэнта больш за два тэрміны?

♦ Ці згодныя вы, што грошы, атрыманыя ад запланаванай урадам прыватызацыі, у першую чаргу павінны пайсці на кампенсацыю ўкладаў, згубленых пад час дэвальвацыі-2011, і стварэнне працоўных месцаў?

На гэтым тыдні я ў складзе дэлегацыі “Народнага рэферэндуму” наведаў Магілеў. Нягледзячы на нячастыя прыёмы грамадзян тамтэйшымі дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, ажыятажу не назіралася. Выбарцы ішлі да дэпутатаў з мясцовымі пытаннямі, якія б маглі паспяхова вырашацца мясцовымі ўладамі пры ўмове іх самастойнасці і эфектыўнасці.

Мы звярнуліся да “народных абраннікаў” як з лакальнымі пытаннямі, так і з пытаннямі нацыянальнага маштабу. Дэпутаты выявілі сваю абазнанасць у мясцовых праблемах, на пытанні ж кампаніі “Народны рэферэндум” рэагавалі стрымана. Адчувалася, што інфармацыя для іх - не новая, але сваё стаўленне, магчыма і негатыўнае, яны адкрыта выказаць не могуць: пад ініцыятывай стаіць жа 50 тысяч подпісаў, у тым ліку і іх выбарцаў.

Прызначаныя, але не абраныя на свабодных выбарах, яны разумеюць сваю ролю ў сістэме сённяшняй улады, таму радыя любой увазе, нават з боку апазіцыі. А для нас такія сустрэчы — реальная магчымасць яшчэ хоць на паўкрока наблізіць правядзенне “Народнага рэферэндуму”.

На 50 тысячах подпісаў “Народны рэферэндум” не спыняецца. Мэта не мяняецца — іх будзе сабрана паўмільёна.

Мы ўпэўненыя, што сёння прыхільнікі пераменаў, мірных і незваротных, ужо складаюць большасць беларусаў. Неабходна толькі аб’яднаць гэтую большасць і прымусіць уладу лічыцца з пазіцыяй актыўных і неабыякавых грамадзян.

Пацвярджаюць наш аптымізм і апошнія, чэрвеньскія, дадзеныя Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (Вільня). Задавалася пытанне пра самы рэалістычны і пажаданы варыянт пераменаў. Палова апытаных назвала выбары, траціна згадала рэферэндум. Толькі 8% — вулічны пратэст.

Сярод тых, хто не давярае Лукашэнку, лічбы адпаведна такія: 29,2% вераць у выніковасць выбараў, 43,5% — у плён рэферэндума, 16% спадзяюцца на Плошчу.

На пытанне пра тое, ці павінны дэпутаты парламента падтрымаць 50 тысяч грамадзян, якія паставілі свае подпісы за "Народны рэферэндум", і абвясціць у Беларусі рэферэндум, 44,5% адказалі станоўча, а 37,5% адмоўна (18% устрымаліся). Прычым 31,7% рэспандэнтаў лічаць, што такі рэферэндум лепш правесці да канца 2014 года, звыш 20% — сумясціць з прэзідэнцкімі выбарамі ў 2015 годзе, 15% — пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Зрэшты, ёсць варыянт, калі ініцыятары “Народнага рэферэндуму” гатовыя згарнуць ініцыятыву. Гэта калі ў 2015 годзе ў краіне з’явіцца новы прэзідэнт, які ў сваёй палітыцы ўлічыць яго змест і меркаванні сотняў тысяч грамадзян, якія падпішуцца “за”.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны