Навіны Беларусь і Свет

Украінска-беларуская гандлёвая вайна?

Украінска-беларуская гандлёвая вайна?

2285 Праглядаў Мінск Кіеў
Сіметрычны адказ на дыскрымінацыю Беларуссю ўкраінскіх тавараў. Афіцыйны Кіеў анансаваў увядзенне адмысловай мыты на беларускія тавары.

На малочныя і кандытарскія яно складзе больш за 55% ад мытнай вартасці прадуктаў, на піва – больш за 60%. Адмысловыя выплаты ахопяць і шэраг прамысловых вырабаў: беларускія апоны, лядоўні ды ўгнаенні. Інакш кажучы, тыя тавары, што складалі аснову беларускага экспарту ва Украіну. 

«Тое, што робіць Украіна, гэта звязана з адною простаю праблемай. Украіна, Расея і Беларусь маюць абсалютна аднолькавую структуру эканомікі, па вялікім рахунку. І яны выпускаюць тавары аднайменныя і па якасці блізкія адзін аднаму», - кажа эканаміст Міхал Залескі.

Таму, як мяркуе эксперт, захады ўкраінскіх уладаў – гэта не абвешчанне гандлёвай вайны, а вымушаная абарона сваіх вытворцаў.

«Зараз Украіна трапіла ў не вельмі прыемнае становішча, Расея на яе напала. Вось ім і даводзіцца нейкім чынам свой рынак абараняць больш старанна і больш рупліва», - адзначыў эканаміст.

Бо сёлета, як і ў папярэднія гады, дадаў ён, «таваразварот паміж нашымі краінамі быў перадусім выгадны для Беларусі: мы больш прадавалі сваіх тавараў, чым набывалі ўкраінскіх».

«І пры гэтым Менск першы, яшчэ два з паловаю месяцы таму, увёў ліцэнзаванне, а праз гэта і двухразовае павышэнне коштаў на ўкраінскія піва і слодычы, што фактычна і прыпыніла іх імпарт у Беларусь. Цяпер такім жа падвышэннем коштаў праз павелічэнне мыта Украіна хоча зрабіць неканкурэнтавымі на сваім рынку беларускія тавары», - заключыў Залескі.

«Калі Беларусь пойдзе на далейшае пашырэнне супрацьстаяння з Украінаю, то воляю-няволяй апынаецца ў яшчэ большай залежнасці ад Расеі. Яна, па-сутнасці, калі будзе падтрымліваць гандлёвую вайну, што Расея вядзе з Украінаю, будзе адразаць сябе ад даволі перспектыўнага ўкраінскага рынку», - адзначыў палітолаг, намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец.

У Міністэрстве замежных справаў Беларусі навіну з Кіева каментуюць дыпламатычна.

«У самы бліжэйшы час чакаецца сустрэча экспертаў з двух бакоў, якая адбудзецца ў Менску. Плануецца абмяркоўваць шырокае кола пытанняў беларуска-ўкраінскага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. З улікам рашэння ўкраінскага боку яны будуць таксама вельмі грунтоўна абмеркаваныя», - сказаў Дзмітрый Мірончык, прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі.

На ўрэгуляванне сітуацыі, на якое разлічвае афіцыйны Менск, застаецца 9 дзён. Калі не, 26 ліпеня Украіна ўвядзе анансаваныя мыты. Для асобных беларускіх вытворцаў, паводле падлікаў экспертаў, гэта будзе азначаць страту соцень тысяч долараў, для ўсёй жа краіны – дзясяткі мільёнаў за год.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны