Навіны Беларусь і Свет

Новы шэф Эўракамісіі можа зьмяніць стасункі Эўразьвязу з Масквой

Новы шэф Эўракамісіі можа зьмяніць стасункі Эўразьвязу з Масквой

1523 праглядаў Брусэль Мінск
Выбар Юнкера на пасаду шэфа Эўракамісіі — гэта добры знак для Варшавы, Кіева й прыхільнікаў Эўропы ў Беларусі.

Старшынём Эўрапейскай камісіі, галоўнага выканаўчага воргану Эўрапейскага зьвязу, стане былы прэм’ер Люксэмбургу Жан-Клод Юнкер. Яго кандыдатуру зацьвердзіў у аўторак Эўрапейскі парлямэнт. На чале Эўракамісіі стане адзін з архітэктараў таго Эўразьвязу, які мы ведаем сёньня. Як выбар прыхільніка моцнай Эўропы паўплывае на стасункі паміж Менскам, Варшавай, Кіевам, Масквой і Брусэлем? 

Былы міністар фінансаў і шматгадовы прэм’ер Люксэмбурга зьяўляецца адным з архітэктараў таго Эўразьвязу, які мы ведаем сёньня. У канцы 1980-х гадоў ён актыўна ўдзельнічаў у распрацоўцы Маастрыхцкай дамовы, якая пераўтварыла Эўрапейскую эканамічную супольнасьць у больш маналітны палітычна й эканамічна Эўразьвяз. Менавіта Юнкер працаваў над артыкуламі аб фінансавым і эканамічным зьвязе, які прывёў да зьяўленьня супольнай валюты эўра. І вось цяпер ён узначаліў эўрапейскі «ўрад», паведамляе "Польскае радыё для замежжа".

Сваімі прыярытэтамі Жан-Клод Юнкер назваў разьвіцьцё эўрапейскай прамысловасьці, узмацненьне валюты эўра, забесьпячэньне энэргетычнай незалежнасьці Эўразьвязу, а таксама абарону правоў чалавека. Новы старшыня Эўракамісіі нават заявіў, што хоча стварыць пасаду камісара, адказнага за абарону грамадзянскіх правоў і свабодаў.

Выбар моцнага праэўрапейскага палітыка на пасаду старшыні Эўракамісіі з задавальненьнем сустрэлі ў Варшаве. Гэта адпавядае інтарэсам Польшчы – кажа дэпутат Эўрапарлямэнту Яцэк Сарыюш-Вольскі: «Жан-Клод Юнкер хоча зрабіць Эўразьвяз эканамічна моцным і салідарным. Ён мае эканамічны досьвед. Шмат гадоў ён удзельнічаў у паседжаньнях Рады Эўразьвязу. Так што пра эўрапейскую палітыку ён ведае ўсё. Тое, што ён займаецца эўрапейскай палітыкай шмат гадоў, зьяўляецца яго моцным бокам, а не недахопам, як лічаць брытанцы. Салідарны, моцны Эўразьвяз – гэта добра для Польшчы. Менавіта такі Эўразьвяз нам патрэбны».

Як зьяўленьне на чале «ўраду»” Эўразьвязу прыхільніка эканамічна моцнай Эўропы паўплывае на зьнешнюю палітыку Брусэля? Ці варта чакаць, што Эўропа будзе дапамагаць дэмакратычнай рэформам і эканамічнай мадэрнізацыі сваіх суседзяў? Ці перастане «хаваць галаву ў пясок» падчас вострых крызысаў і канфліктаў у краінах-суседзях?

Вялікіх пераменаў чакаць ня трэба – кажа намеснік старшыні Руху «За Свабоду» палітоляг Алесь Лагвінец. Старшыня Эўракамісіі не адказвае за дыпляматыю. Зьнешнюю палітыку Эўразьвязу фармуюць урады краінаў Эўропы й высокі прадстаўнік па замежных справах. Аднак тое, што старшыня Эўракамісіі хоча бачыць Эўразьвяз эканамічна моцным, энэргетычна незалежным і абараняць дэмакратычныя каштоўнасьці – гэта добры знак для суседзяў, мяркуе экспэрт.

«Такія прыярытэты Эўрапейскай камісіі - цалкам зразумелыя. Яны ствараюць падставу для таго, каб Брусэль адыгрываў большую ролю. Жан-Клод Юнкер у сваім выступе заявіў, што пашырэньня ў бліжэйшыя пяць гадоў ня будзе. І гэта таксама зразумела. Ня варта чакаць вялікіх зрухаў. Аднак відавочна, што Эўразьвяз ня будзе адмаўляцца ад сваёй сутнасьці. А сутнасьць яго заключаецца ва ўсё больш шчыльным супрацоўніцтве дзяржаваў эўрапейскага кантынэнту, а таксама імкненьні ўзьдзейнічаць на сваіх суседзяў, каб пашырыць эўрапейскія каштоўнасьці», — лічыць Лагвінец. 

Ці адносіны паміж Беларусьсю й Эўразьвязам зьменяцца пасьля абраньня Жана-Клода Юнкера? Наўрад ці, лічыць Алесь Лагвінец. Эўразьвяз мае зашмат іншых, больш тэрміновых праблемаў.

Кажа Лагвінец: «Старшыня Эўракамісіі займаецца не зьнешнепалітычнымі, а ўнутранымі пытаньнямі. Эўразьвяз мае шмат выклікаў. Таму я ня думаю, што беларускае пытаньне будзе пунктам нумар 1 у парадку дня. Вялікага жаданьня пераглядаць фармат адносінаў зь Менскам, які ёсьць сёньня, ня зьявіцца».

Відавочна, што Расея не ў захапленьні ад плянаў Юнкера вывесьці Эўрапейскі Зьвяз з залежнасьці ад паставак расейскага газу. Абноўленая Эўрапейская камісія будзе актыўна дапамагаць Украіне вырашыць канфлікт на Ўсходзе, правесьці эканамічныя рэформы й падтрымае эканамічна – прагназуе Алесь Лагвінец.

«Брусэль будзе дапамагаць Украіне стабілізавацца, аднавіць сваю эканоміку й збліжацца з Эўрапейскім Зьвязам. Калі на тое будзе палітычная воля, то Эўразьвяз можа больш жорстка размаўляць з Расеяй. Але наяўнасьць гэтай палітычнай волі залежыць ад ключавых эўрапейскіх гульцоў – перадусім Нямеччыны», - заключыў намеснік старшыні Руху «За Свабоду».

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны