Навіны Навіны Руху

Рух «За Свабоду» далучыўся да патрыятычнага выхавання вайскоўцаў

Рух «За Свабоду» далучыўся да патрыятычнага выхавання вайскоўцаў

2782 праглядаў
Рух «За Свабоду» разаслаў да кіраўніцтва беларускай арміі (Міністэрства абароны, галоўнакамандуючы), навучальных установаў у галіне абароны (Ваенная акадэмія, Сувораўская вучэльня) і шэрагу вайсковых частак па ўсёй краіне інфармацыйныя матэрыялы, прыдатныя для патрыятычнага выхавання вайскоўцаў.

Вайскоўцы атрымалі дзясяткі камплектаў плакатаў “Палкаводцы і ваенаначальнікі зямлі беларускай”.

Гэтая серыя паштовак-плакатаў - "даніна памяці і павагі да нашых суайчыннікаў, якія на працягу тысячагадовай беларускай гісторыі праз змены дзяржаўнай прыналежнасці (Полацкае княства, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Расійская імперыя, Савецкі Саюз) і шматлікія войны прынеслі гонар і славу айчыннай зброі".

На плакатах змешчаны партрэты і біяграфіі Усяслава Полацкага, Альгерда, Вітаўта, Канстанціна Астрожскага, Тадэвуша Касцюшкі, Станіслава Булак-Балаховіча, Івана Якубоўскага, Льва Даватара ды іншых знаных палкаводцаў і ваенаначальнікаў.

Дасыланне вайскоўцам патрыятычных плакатаў стала прыкладам магчымага супрацоўніцтва грамадства і арміі дзеля патрыятычнагавыхавання абаронцаў Бацькаўшчыны.

Такая прапанова прагучала ў звароце Руху “За Свабоду” да беларускіх вайскоўцаў пры канцы чэрвеня.

У ім гаварылася:

“Крывавыя падзеі ва Украіне выклікаюць ў беларусаў непакой і трывогу. Ніхто не хацеў бы, каб на нашай беларускай зямлі ішла братазабойчая вайна або нехта імкнуўся праз сваіх дыверсантаў падзяліць і акупаваць нашу Беларусь.

Беларусы - мірныя людзі, але ў крытычныя моманты трэба быць гатовым выйсці шчыльнымі радамі супраць агрэсара, каб бараніць мір, тэрытарыяльную цэласнасць і незалежнасць нашай краіны.

Агульны і маральна-палітычны стан беларускай арміі выклікае справядлівую занепакоенасць. Сёння ўсім відавочна, што тут недастаткова развіты ўласна беларускі патрыятызм, што мала чаго робіцца, каб пашыраць каштоўнасці незалежнасці і нейтральнасці Беларусі.

Мы лічым патрэбным неадкладна прыняць новую канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, скіраваную на ўлічванне новых пагрозаў і рызыкаў для Беларусі і яе дзяржаўнасці. Павінна быць прынятая новая праграма дзеянняў з прыярытэтам у разуменні абароны Айчыны як абароны менавіта незалежнай Беларусі. Належыць прыняць праграму сапраўднай беларусізацыі нашай арміі. Варта пашыраць выкладанне сапраўднай беларускай гісторыі ў вайсковых вучэльнях і частках, трэба выхоўваць беларускіх вайскоўцаў на ўчынках не толькі герояў Вялікай Айчыннай вайны, але і іншых гістарычных постацях кшталту Усяслава Полацкага, вялікіх князёў Альгерда і Вітаўта, Канстанціна Астрожскага, Тадэвуша Касцюшкі, Кастуся Каліноўскага. Дзяржаўная беларуская мова павінна шырэй і рэгулярна выкарыстоўвацца камандным і афіцэрскім складам падчас урачыстых мерапрыемстваў, вучэнняў, штодзённай дзейнасці. Сапраўднае беларускае войска павінна спяваць і маршыраваць пад беларускія песні.

Мы заклікаем армейскае кіраўніцтва скіраваць выхаванне ваеннаслужачых у бок беларускага патрыятызму і гатовыя прапанаваць сваю дапамогу, напрыклад, у выглядзе адпаведных інфармацыйных матэрыялаў і адукацыйных сустрэчаў.

Мы заклікаем моладзь прызыўнога ўзросту і дзейных вайскоўцаў браць прыклад з лепшых сыноў-абаронцаў Бацькаўшчыны, каб вокліч “Служу Рэспубліцы Беларусь!” быў напоўнены глыбокім патрыятычным сэнсам”.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны